Спіс паслуг, якія "дармаеды" будуць аплочваць поўнасцю, вызначаць да 1 красавіка
Да 1 красавіка беларускі ўрад павінен скласці спіс паслуг, якія на 100 адсоткаў будуць аплочваць працаздольныя непрацуючыя грамадзяне. Пра гэта гаворыцца ў дэкрэце №1 "Аб садзеянні занятасці насельніцтва", які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 25 студзеня.
Як паведамлялася, новы дэкрэт заменіць ранейшы вядомы дэкрэт №3 ("дэкрэт аб дармаедах"). У новым дакуменце ўжо не прадугледжаны фінансавы збор з непрацуючых грамадзян. Замест гэтага плануецца спаганяць з іх поўны кошт паслуг, якія субсідуюцца дзяржавай.
Спіс гэтых паслуг мусіць скласці ўрад. У прыватнасці, прапаноўваецца пазбавіць права на жыллёвую субсідыю і куплю жылля за дзяржпадтрымку тых, на каго будуць распаўсюджвацца нормы дзеяння дэкрэта.
Дзейнічаць новыя нормы пачнуць з 1 студзеня 2019 года.