Спіс забароненых у Расіі імпартных прадуктаў абвесцяць у чацвер
Федэральная служба Расіі па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе лічыць немагчымым каментаваць указ прэзідэнта да адпаведнай пастановы ўрада.
У сераду памочнік кіраўніка Рассельгаснагляду Аляксей Аляксеенка заявіў, што спіс будзе максімальна шырокім. У прыватнасці, пад поўную забарону трапяць садавіна і гародніна з краін Еўрасаюза. Таксама, па яго словах, Расія цалкам забароніць ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі з ЗША, у тым ліку кураціну.
У ведамстве, аднак, кажуць, што гэта асабістае меркаванне чыноўніка. Апублікаваць спіс забароненых прадуктаў плануецца ў другой палове дня ў чацвер, перадае ВВС.
Нагадаем, што 6 жніўня Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб абмежаванні або забароне на ўвоз у Расію "асобных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі, сыравіны і харчавання" з краін, якія ўвялі санкцыі супраць Расіі ў сувязі з падзеямі ва Украіне.
Забарона будзе дзейнічаць на працягу аднаго года.
Фота — enkid.ru