Спісы "дармаедаў" будуць пераглядаць заднім чыслом
Пасяджэнне камісіі па садзейнічанні занятасці ў Быхаўскім раёне
Камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва атрымалі права пераглядаць спісы грамадзян, не занятых у эканоміцы, за папярэднія перыяды. Гэта прадугледжана чарговай пастановай урада. Яе тэкст з'явіўся на Нацыянальным прававым партале.
Гаворка ідзе пра спісы "працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія аплачваюць паслугі з кампенсацыяй выдаткаў, і спісы працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія выехалі за межы Рэспублікі Беларусь". З гэтага часу камісіі могуць пераглядаць гэтыя спісы з моманту іх з'яўлення. Камісіі таксама павінны будуць скласці дадатковыя спісы грамадзян, не занятых у эканоміцы, якіх трэба ўключыць у спісы за мінулыя перыяды. Гэта робіцца ў тым ліку і для таго, каб выставіць гэтым грамадзянам дадатковы рахунак за паслугі ЖКГ — будзе праведзены пераразлік. Перыяды пераразліку будуць пазначаны ў дадатковых спісах.
Нагадаем, паводле беларускіх законаў, працаздольныя грамадзяне, якія не занятыя ў эканоміцы або з'ехалі за мяжу, павінны аплачваць паслугі ЖКГ поўным коштам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.