"Справа медыкаў": былы намеснік міністра спасылаецца на праблемы з памяццю
Ігар Ласіцкі / Еўрарадыё
16:41. Ва ўласнасці ў галоўнага ўрача ёсць дом у вёсцы, гараж, машына і грошы на зарплатнай картцы — 1033 рублі. Уся гэтая маёмасць на дадзены момант арыштаваная.
Краўчонак не атрымліваў ніякіх апавяшчэнняў аб выключэнні з Мінскага гарадскога савета дэпутатаў, таму абвінавачаны мяркуе, што да гэтага часу з'яўляецца дэпутатам.
У слуханнях аб'яўлены перапынак да 15 студзеня.
***
16:05. Пасля допыту запрошаных на сённяшняе пасяджэнне сведак у судзе зачытваюць матэрыялы справы. З іх вынікае, што Уладзімір Краўчонак быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 13 чэрвеня ў 21:09. Пасля ён 4 месяцы знаходзіўся ў СІЗА, а 12 кастрычніка змешчаны пад хатні арышт.
***
15:45. Пракурор зачытвае папярэднія паказанні Пархімовіч, але нічога новага ў іх няма. Высвятляюцца прычыны нестыковак датаў і некаторых нязначных фармулёвак.
***
15:09. Наступная сведка — дырэктарка кампаніі "ВМК-Дэнт" Аксана Пархімовіч. Фірма таксама займаецца пастаўкамі стаматалагічнай тэхнікі ў медустановы.
Пархімовіч дала Краўчонку хабар памерам не больш за 300 рублёў. Гэта было перад Новым годам, акрамя грошай сведка паклала ў пакет алкаголь і цукеркі.
— Калі маеш справу з буйным кліентам, заўсёды хочацца лаяльнасці з яго боку. Сёння ў цябе няма ніякай патрэбы, а заўтра табе патрэбная ад яго нейкая дапамога.
— Навошта вы паклалі грошы ў пакет?
— Я не думала пра гэта ўвогуле. Віншаванне кліента на Новы год — вось і ўсё.
— Вы многіх кліентаў віншуеце на Новы год? Вы усім грошы кладзяце? Чым Краўчонак ад астатніх адрозніваецца? — сыпле пытаннямі суддзя.
— Як віншаванне на Новы год... Я ж не ведаю, што будзе ў будучыні, што можа спатрэбіцца.
***
14:29. Пракурор не адстае ад сведкі і яшчэ некалькі разоў пытаецца ў яго, навошта той перадаў Краўчонку $200. Орда пачынае блытацца і ў рэшце рэшт кажа, што быў "у стане ўзбуджэння, таму што ўбачыў шмат сваіх былых студэнтак і вырашыў іх падтрымаць перад святам".
Юрый Шарснёў пытаецца, чаму сведка не перадаў грошы дзяўчатам.
— Я вырашыў, што трэба праз галаву шэфа.
— Можа, так вучаць у медыцынскіх універсітэтах? Вы што, не ведаеце, што такое хабар службовай асобе? — троліць сведку суддзя.
— Цяпер ведаю, — кажа сведка.
***
14:21. Пасля абеду суд прыступіў да допыту сведак. Першым па справе дае паказанні Валерый Орда — дырэктар прыватнай фірмы "Дентаком". Кампанія займаецца продажам медыцынскай — у прыватнасці стаматалагічнай — тэхнікі.
З Уладзімірам Краўчонкам сведка знаёмы каля 35 гадоў. Калі абвінавачаны быў студэнтам медуніверсітэта, сведка працаваў там выкладчыкам.
— Я быў дацэнтам, загадваў кафедрай, прымаў дзяржэкзамены.
Уладзімір [Краўчонак] скончыў інстытут, і мы працягвалі нашы калегіяльныя адносіны.
— Як вы адрэагавалі, калі Краўчонак стаў галоўным урачом 12-й стаматалагічнай паліклінікі? — пытаецца пракурор.
— Я парадаваўся за яго, што мой калега, таварыш стаў кіраўніком высокага класа. Я хадзіў да яго, нагадваў пра сябе, пра магчымасці фірмы, якой я валодаю. Часам ён у мяне гншта купляў. <...> Апошнія 2-3 гады яны набывалі матэрыял для выпраўлення прыкусу зубоў, калі больш зразумела — брэкеты.
— Ці перадавалі вы грашовыя сродкі Краўчонку?
— Перадаваў. Гэта быў люты-сакавік месяц 2018 года. Я заходзіў перадаваць каталогі новай прадукцыі. Калі я зайшоў, жанчыны некаторыя накрывалі на стол. Яны пажартавалі, маўляў, каб я паспрыяў правядзенню свята. Гэта было напярэдадні 8 сакавіка. Тады я паклаў у каталог, які прынёс Уладзіміру, $200.
— З якой мэтай вы перадавалі грошы?
— Каб фарміраваць свой імідж як прадаўца. Што я не прагны, што са мной можна працаваць. Я расцэньваю гэта як спонсарскую дапамогу калектыву, гэта было перад 8 сакавіка.
— Чаму менавіта $200?
— Ну, столькі было.
***
12:28. Аб'яўлены перапынак да 14:00.
***
12:17. Пракурор, абвясціў некаторыя паказанні Ігара Ласіцкага, цікавіцца ў абвінавачанага, у чым была матэрыяльная зацікаўленасць фірмаў, якія хацелі аказваць спонсарскую дапамогу медустановах. — Спонсарская дапамога — гэта ж дапамога на бязвыплатнай аснове? У чым была матэрыяльная зацікаўленасць? — Фірмы, якія займаюцца рэалізацыяй спонсарскай дапамогі для лабараторый, прапануюць абсталяванне закрытага тыпу. Для такога абсталявання патрэбныя пэўныя расходныя матэрыялы. Тым самым фірмы забяспечваюць сабе ў далейшым рынак збыту сваіх рэактываў, — тлумачыць Ласіцкі.
***
12:03. У пастанове аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць Ігара Ласіцкага паказаны эпізод, калі намеснік міністра браў хабар у Краўчонка. Цалкам магчыма, карупцыйны клубок "справы медыкаў" пачаўся менавіта з затрыманняў Краўчонка і Ласіцкага. Ігар Ласіцкі кажа, што прэпараты, якія ён прымаў на працягу лячэння, маглі аказваць ўздзеянне на доўгатэрміновую памяць. Так ён тлумачыць некаторыя несастыкоўкі ў паказаннях на следстве і ў судзе.
***
11:08. Па словах Краўчонка, Ласіцкі не патрабаваў ад яго грошай за вырашэнне пытання. Аднак галоўны ўрач ўсё-ткі вырашыў перадаць намесніку міністра алкаголь і грошы для таго, каб "стымуляваць" яго да хутчэйшага вырашэння праблемы. У ходзе следства, як і на судзе, Краўчонак запэўніваў, што не ўспрымаў грошы як хабар. Галоўны лекар думаў, што гэта падзяка за супрацоўніцтва паліклінікі з фірмай. У 2018 году Уладзімір Краўчонак выйграў мясцовыя выбары на Каліноўскім участку №49 і стаў дэпутатам Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. На сайце Мінгарвыканкама Краўчонак дагэтуль значыцца як дэпутат.
***
10.10. З раніцы 14 студзеня на працэсе дзяржабвінаваўца зачытвае паказанні Краўчонка і Ласіцкага падчас папярэдняга следства. Падчас следства Уладзімір Краўчонак напісаў некалькі явак з павіннай. У іх ён прызнаваўся, што браў хабар, і расказаў падрабязнасці. У адной з явак Краўчонак распавёў следчым аб перадачы хабару на суму $2000 на той момант намесніку міністра Ігару Ласіцкаму.
***
14 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе працягваецца судовае разбіральніцтва па крымінальнай справе ў дачыненні да былога намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага і былога галоўнага ўрача 12-й стаматалагічнай паліклінікі Уладзіміра Краўчонка. Ласіцкага абвінавачваюць ч. 3 арт. 430 КК РБ (атрыманне хабару асобай, якая займае адказную пасаду). Краўчонка абвінавачваюць па ч.ч. 2 і 3 арт. 430 (атрыманне хабару паўторна, у асабліва буйным памеры), ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі) КК.
На першым пасяджэнні 11 студзеня абвінавачаныя распавялі, што падштурхнула іх браць хабар. Уладзімір Краўчонак, напрыклад, апраўдаў сябе тым, што яму трэба было плаціць за навучанне дачкі ў медуніверсітэце. Таксама ён траціў грошы на адпачынак з жонкай у санаторыі і за мяжой. Ласіцкі у сваю чаргу таксама аплачваў навучанне сына ў БДМУ і, па яго словах, буйную суму выдаткаваў на лячэнне — у яго быў некроз галоўкі тазасцегнавога сустава. На судзе 11 студзеня пракурор Юрый Шарснёў агучыў абвінавачванне фігурантам, а таксама былі заслуханыя паказанні абвінавачаных.
Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" 14.01: