Справа Пальчыса. Што вядома за дзень да прысуду
Еўрарадыё сабрала ў адным месцы тое, што трэба ведаць перад абвяшчэннем прысуду Эдуарду Пальчысу. Папярэдні абагульняючы матэрыял па справе "блогера-экстрэміста" глядзіце тут.
Як доўга Пальчыс знаходзіцца за кратамі?
Аднаго канкрэтнага адказу на гэтае пытанне няма. Пальчыса затрымалі падчас перасячэння украінска-расійскай мяжы 23 студзеня 2015 года. 26 траўня ён быў этапаваны з Расіі ў Беларусь і з таго часу знаходзіцца ў Валадарцы. Адрэзак паміж 23 студзеня і 26 траўня Эдуард Пальчыс парвёў у СІЗА Бранска і нельга адназначна сказаць, чаму беларуса так доўга не перавозілі ў Мінск (ён быў затрыманы таму, што СК Беларусі абвясціў Пальчыса ў вышук). А таксама, ці будзе яму залічаны тэрмін, праведзены ў расійскім СІЗА, калі John Silver паводле прысуду атрымае рэальны тэрмін.
Чаму суд над Пальчысам закрыты?
Загадка. Ну як загадка, амаль. На закрытасці папярэдняга працэсу, на якім тэксты сайта Пальчыса разглядаліся на прадмет экстрэмізму, настойваў абвінаваўца. Тады суддзя з гэтым пагадзіўся і папрасіў усіх журналістаў і іншых прысутных выйсці за дзверы. Пра тое, што і асноўны працэс таксама будзе закрытым, стала вядома з позвы, якую блогер (альбо публіцыст) атрымаў напярэдадні.
"Яму такія склады ставяцца ў віну, якія даюць падставы для правядзення судовага пасяджэння ў закрытым рэжыме. У гэтым артыкуле маецца на ўвазе, што, калі суд закрывае паседжанне, значыць, ёсць падставы для таго, каб не выдаваць нейкія звесткі", ― расказвае журналістам прадстаўнік Мінскага гарадскога суда Анастасія Шыльвян.
Як бы там ні было, у выніку мы пра сам працэс амаль нічога не ведаем ― адвакаты маўчаць, бо не могуць гаварыць (і не вельмі хочуць) да вынясення прысуду. Іншыя набліжаныя да яго людзі, уключна з жонкай, проста нічога не ведаюць. Адзіная ўцечка інфармацыі адбылася толькі ў апошні на дадзены момант дзень працэсу ― у Фэйсбуку з'явіўся тэкст "апошняга слова" Эдуарда Пальчыса.
Коратка і самае галоўнае пра справу Эдуарда Пальчыса
Блогер і публіцыст, больш вядомы пад нікам John Silver, заснавальнік сайта 1863x.com. Даволі доўгі час яго сапраўднае імя заставалася невядомым.
Пракурор просіць для Пальчыса 3,5 года. Гэта шмат?
Нямала, але магло быць і больш. Толькі па ч 1 арт 130 (распальванне варожасці) John Silver мог бы атрымаць нават 5 гадоў пазбаўлення волі. А за ч 2 арт 343 (распаўсюджванне парнаграфіі праз інтэрнэт) ― да 4 гадоў. Так што, пракурор мог папрасіць і больш. Іншая справа, ці ёсць за што прасіць 3,5 года. "Дзякуючы" закрытасці працэсу, мы зусім нічога не можам сказаць пра аргументы бакоў і факты, сабраныя у справе супраць блогера.
Пальчыс ні ў чым не вінаваты і яго трэба выпусціць і цалкам апраўдаць?
Родныя блогера лічаць, што так (што прадказальна і зразумела). Такую пазіцыю актыўна выказвае яго жонка Вікторыя. Бацькі Пальчыса таксама цалкам на баку сына ― яны прыязджалі у Мінск да будынка суда.
Эдуарда Пальчыса актыўна падтрымлівае як палітызаваная публіка (зарэгістраваны ў Чэхіі "Малады Фронт" усе дні працэсу махаў перад будынкам суда сцягамі), так і (што не зусім чакана) настроеная да апазіцыі крытычна. Апошніх ачольвае папулярны блогер і фатограф Антон Матолька.
У дадатак Эдуарда Пальчыса прызналі палітзняволеным звычайна вельмі асцярожныя ў такіх справах праваабаронцы.
Якія аргументы ў абвінавачвання?
Гэтага мы не ведаем ― суд жа закрыты. І цалкам верагодна, што ніколі не даведаемся ― да матэрыялаў справы і пратаколаў судовых пасяджэнняў атрымаць доступ маларэальна. Адзінае, што вядома, гэта артыкулы КК, па якіх Пальчыс абвінавачваецца, і тэрмін зняволення, які просіць пракурор. На гэтым усё.
Якія шансы на вызваленне ў зале суда?
Тэарэтычна, для вызвалення не абавязковы нават амаль фантастычны для Беларусі апраўдальны прысуд. Эдуард Пальчыс ужо дастаткова даўно за кратамі і калі, скажам, суддзя асудзіць яго да 6 месяцаў пазбаўлення волі, то блогера могуць выпусціць на волю ўжо ў бліжэйшую пятніцу. Пяць гадоў таму такі фокус пракруцілі з гродзенскім журналістам Андрэем Пачобутам, якога судзілі за абразу кіраўніка краіны. З іншага боку, пракурор просіць значна больш за 6 месяцаў. На практыцы суддзі звычайна прысуджваюць менш, чым патрабуюць абвінаваўцы. Але не на столькі.
Што будзе ў пятніцу?
Прысуд абвесцяць у 10.00 у гарадскім судзе Мінска. У адрозненне ад самога працэсу, ён будзе адкрытым, прыйсці і паслухаць можа кожны.