Справа расійскага журналіста Івана Сафронава: што вядома на гэты час
Іван Сафронаў / РБК
Былога карэспандэнта "Коммерсанта" Івана Сафронава, арыштаванага 7 ліпеня па справе аб здрадзе, ФСБ абвінавачвае ў перадачы ваенных дадзеных спецслужбам Чэхіі, піша "Новая газета". Канчатковым атрымальнікам дадзеных, паводле версіі следства, былі ЗША.
Згодна з матэрыяламі справы, Сафронаў нібыта быў завербаваны Чэхіяй у 2012 годзе (журналісту тады было 22 гады. — рэд.), а ў 2017-м атрымаў заданне ад супрацоўніка чэшскай спецслужбы і "праз інтэрнэт" перадаў яму звесткі аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве Расіі з Афрыкай і Блізкім Усходам.
Па словах адваката абвінавачанага Івана Паўлава, пацверджанняў, што Сафронаў сапраўды нешта перадаваў, у справе няма. Усе дакументы, кажа адвакат, "не сакрэтныя і не канкрэтныя". Справа не звязаная з журналісцкай дзейнасцю Сафронава, але на пасяджэнні следчы згадваў ягоны артыкул у "Коммерсанте" аб пастаўцы Расеяй знішчальнікаў Су-35 у Егіпет, праз які на газету складалі пратакол аб разгалашэнні дзяржтаямніцы (міравы суддзя мінулым летам адмовілася яго разглядаць і вярнула матэрыялы Раскамнагляду).
Паўлаў дапускае, што пад "блізкаўсходняй афрыканскай дзяржавай" следства мае на ўвазе Егіпет, а звесткі звязаныя з продажам знішчальнікаў, пра які Сафронаў пісаў у "Коммерсанте" ў артыкуле ад 18 сакавіка 2019 года.
Сума кантракту ад 2018 года на больш чым 20 самалётаў мусіла скласці блізу 2 мільярдаў долараў. Пасля выхаду гэтага матэрыялу ЗША прыгразілі санкцыямі Каіру, які хацеў узмацніць свае ВПС на фоне пераўзбраення Ізраіля. У траўні ТАСС паведаміў аб пачатку зборкі самалётаў для Егіпта на далёкаўсходнім авіязаводзе; дата паставак, паводле дадзеных агенцтва, яшчэ не была вызначаная.
Сафронаў — былы карэспандэнт "Комерсанта" і "Ведомостей", доўгі час працаваў у пуле прэзідэнта Расіі і два месяцы — у "Раскосмасе". Прадстаўнікі расійскіх СМІ ўпэўненыя, што Сафронава затрымалі за журналісцкую дзейнасць.
"Абвінавачванне ў дачыненні да Івана, звязанае з працай над інфармацыяй, якая ўтрымлівае дзяржаўную таямніцу, варта разглядаць як сігнал і ўсім СМІ, і грамадству ў цэлым: пра носьбітаў таямніц, дзяржаўных або камерцыйных, сярод якіх высокапастаўленыя чыноўнікі, супрацоўнікі дзяржкарпарацый і бізнесмены, лепш не пісаць. Такіх таямніц вакол робіцца ўсё больш. Крытэрыі аднясення інфармацыі да сакрэтнай размытыя. Усё што заўгодна можа раптам аказацца таямніцай, — гаворыцца ў заяве рэдакцыі РБК. — Многія з нас працавалі з Іванам і ведаюць яго як выключна сумленнага і прыстойнага чалавека, з якім не сумяшчальнае паняцце "дзяржаўная здрада".
Крымінальны пераслед журналістаў пачаўся не сёння. Справа ў дачыненні да Івана Сафронава становіцца ў шэраг з арыштам Івана Галунова і працэсам супраць Святланы Пракоп'евай. Мы настойваем на максімальна празрыстым для грамадства разглядзе ў дачыненні да Івана Сафронава".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.