Справу брэсцкага інтэрнэт-троля разгледзіць Вярхоўны суд

Фотажурналістка Мілана Харытонава падала позву ў суд на супрацоўніка газеты гарвыканкама “Брестский вестникУладзіміра Міневіча. Фотарэпартаж з акцыі дэмактывістаў “Хопіць друкаваць фанцікі” на партале "Віртуальны Брэст" і каментары да яго з'явіліся яшчэ сёлета ў сакавіку.

"А такие как Харитонова и ее дружки - бездарные, глупые молодые люди", “Недаром гласит народная поговорка – "Свинья всегда грязь найдет". Просто удивительно, где какая скандальная акция, то обязательно рядом трется эта хрюшка Харитонова".

Пасля амаль паўгадовай праверкі міліцыя вылічыла, што менавіта Міневіч размясціў пад матэрыялам Харытонавай абразлівыя, на погляд, журналісткі, каментарыі.

Незалежная журналістка патрабавала кампенсацыю за маральную шкоду, а таксама абвяржэнне на старонках партала "Віртуальны Брэст". Ні суд Маскоўскага раёна Брэста, ні абласны суд гэтыя патрабаванні не задаволіў.

Як паведаміла Мілана Харытонава, яна асабліва не спадзяецца на пазітыўны вынік ад разгляду скаргі і ў вышэйшай судовай інстанцыі:

"Фактычна, цяпер падача скаргі ў Вярхоўны суд – гэта фармальнасць, каб выканаць усю працэдуру да канца і мець магчымасць паскардзіцца ў ААН на нашу ўсю судовую сістэму. Такая думка ўзнікла літаральна пасля першых пасяджэнняў, калі стала зразумела ў якім накірунку разглядаецца гэтая справа".

Лінгвістычная экспертыза, якую праводзілі філолагі Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна, не знайшла ў каментарыях "непрыстойных, то бок абразлівых, слоў і выразаў". Сама Харытонава сумняваецца ў кампетэнцыі экспертаў, а правесці незалежную экспертызу ёй не дазволілі.

"Я праз СМІ сачыла за выпадкам, калі мінскі драматург (Андрэй Карэлін - Еўрарадыё) напісаў каментар на tut.by, дзе быццам бы ён абразіў міліцыянтаў, і яго аштрафавалі на 10 мільёнаў. Я вельмі была ўражана гэтым судовым рашэннем, бо я ўважліва чытала гэтыя каментары. І калі ў каментарах Міневіча (па маёй справе) не знаходзіцца абразы, то там тое ж самае, амаль слова ў слова, але яна ёсць".

Калі Вярхоўны суд не задаволіць скаргу Міланы, то “хрушкай” зоймецца Камітэт па правах чалавека пры ААН, рашэнні якога Беларусь ігнаруе.

Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праграмы Кардыяграма        

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі