Справу лідараў прафсаюза РЭП перадалі з фінансавай міліцыі ў Следчы камітэт
Распачатую Дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю справу аб ухіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры супраць лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка 8 жніўня перадалі ў Следчы камітэт. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прававы інспектар прафсаюза РЭП Юрый Белякоў.
Белякоў: “Учора перадалі гэтую справу з УДФР Мінска ва ўпраўленне Следчага камітэта па горадзе Мінску — перавезлі туды ўсё, што ў нас было канфіскавана. Ігар Комлік застаецца пад вартай, яму выставілі абвінавачванне і працягнулі тэрмін знаходжання пад вартай на 10 дзён. У пачатку наступнага тыдня гэты тэрмін заканчваецца, і следчы павінен альбо змяніць яму меру стрымання, альбо пакінуць яе ў сіле. Але гэта ўсё абскарджваецца праз суд, што мы і плануем рабіць”.
Як паведамлялася раней, 2 жніўня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі ператрус у мінскім офісе прафсаюза РЭП. Старшыні прафсаюза Генадзю Фядынічу і яго намесніку Ігару Комліку выставілі абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры. Фядыніча пасля допыту вызвалілі, Комліка ўзялі пад варту. Адначасова 2 жніўня прайшоў ператрус і ў офісе Незалежнага прафсаюза гарнякоў у Салігорску.