"Спутнік Лайт" прайшоў кантроль, яго ўжо вязуць у рэгіёны Беларусі

Аднакампанентная вакцына "Спутнік Лайт" / mos.ru
Аднакампанентная вакцына "Спутнік Лайт" / mos.ru

Палегчаную версію расійскай вакцыны ад каранавіруса "Спутнік Лайт" пачалі адпраўляць у беларускія рэгіёны, паведаміў тэлеканал АНТ.

Гэта аднакампанентны прэпарат, які паказаны перахварэлым на COVID-19, а таксама для рэвакцынацыі. У пачатку верасня расійскі вытворца перадаў у Беларусь 250 тысяч доз гэтай вакцыны. Прэпарат нарэшце прайшоў кантроль якасці, і яго пачалі перадаваць у медустановы.

Мінск і Мінская вобласць атрымалі "Спутнік Лайт" некалькі дзён таму. Учора сталі адпраўляць і ў астатнія рэгіёны — па 30 тысяч доз у кожную вобласць.

Вакцыну адгружаюць са складоў "Белфармацыі" і перавозяць у спецыяльных тэрмакубах. Размарожваюць ўжо на месцы перад ужываннем.

Прадстаўнік "Белфармацыя" Артур Арбузаў распавёў, што ў цяперашні час на аптэчным складзе прадпрыемства "знаходзіцца каля мільёна доз вакцын". 500 тысяч доз — гэта кітайская вакцына, якая паступіла ў якасці гуманітарнай дапамогі. Астатняе — гэта "Спутнік V" беларускай вытворчасці і "Спутнік Лайт" з Расіі.

У цяперашні час Беларусь перажывае чацвёртую хвалю каранавіруса. Медыкі заклікаюць прышчапляцца, каб палегчыць хваробу. Паводле звестак на 22 верасня хаця б адну прышчэпку ад каранавіруса зрабілі крыху больш за 20% беларусаў (больш за 1 912 000 чалавек). Поўны курс вакцынацыі прайшлі 1 537 000 чалавек (гэта каля 16%).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі