Стала вядома, хто атрымаў прызы ў асноўным конкурсе "Лістапада"
Падведзеныя вынікі 25-га Міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". Цырымонія закрыцця прайшла 9 лістапада ў кінатэатры "Масква", піша tut.by.
Гран-пры "Золата "Лістапада" журы аднагалосна аддало фільму румынскага рэжысёра Раду Жудэ — "Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як варвары" (Румынія, Чэхія, Францыя, Балгарыя, Германія).
Спецыяльны прыз журы атрымала в'етнамская стужка "Трэцяя жонка", рэжысёр — Аш Мэйфэр.
Найлепшым рэжысёрам кінафэсту стаў Цзя Чжан-Кэ за фільм "Попел беласнежны" (Кітай, Францыя, Японія). Найлепшым сцэнарыстам — Огнен Главоніч за фільм "Груз" (Сербія, Францыя, Харватыя, Іран, Катар).
Прыз за найлепшую жаночую ролю дастаўся Чжао Тао (фільм "Попел беласнежны"), у мужчын адпаведны прыз атрымаў Сцяпан Дзявонін за расійскі фільм "Сэрца свету".
Гран-пры ў конкурсе дакументальнага кіно атрымала ўкраінская стужка "Хатнія гульні" Алісы Каваленка.
Глядацкае журы аддало галоўны прыз сярод гульнявых фільмаў карціне "Юлі" (Іспанія, Вялікабрытанія, Германія). Найлепшым дакументальным фільмам яно прызнала "Праект "Бабуля" (Венгрыя, Германія, Вялікабрытанія).
Як паведамляла Еўрарадыё, найлепшым гульнявым фільмам у нацыянальным конкурсе стала стужка Мары Тамковіч "Дачка".