Стала вядома, колькі грошай дырэктар "Беларуськалія" атрымаў бонусам у 2024-м
Іван Галаваты
Іван Галаваты на пасадзе гендырэктара "Беларуськалія" ў 2024 годзе атрымаў бонусныя выплаты ў памеры 121 221,67 рубля. І гэта без уліку штомесячнага заробку, паведамляе "Рабочы рух".
У лістападзе Галаватаму быў налічаны кароткатэрміновы бонус за III квартал 2024 года ў памеры 21 518,64 рубля. Астатнія 99703,032 рубля былі налічаныя па выніках усяго года.
Паводле звестак Белстата, намінальны сярэдні заробак у Беларусі ў лістападзе 2024-га склаў 2331,8 рубля.
Іван Галаваты кіраваў рэпрэсіямі супраць шахцёраў "Беларуськалія" ў 2020 годзе і пазней.
4 лістапада 2024-га Лукашэнка звольніў Галаватага і прызначыў на яго месца Андрэя Рыбакова (які займаў да таго часу пасаду старшыні канцэрна "Белнафтахім"). Цяпер Іван Галаваты, паводле інфармацыі "Рабочага руху", працуе першым намеснікам дырэктара ААТ "Нетры Нежын" і курыруе беларуска-кітайскі праект па будаўніцтве горна-абагачальнага комплексу на сыравіннай базе Нежынскага ўчастка Старобінскага радовішча калійных соляў (Нежынскі ГУК).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.