Стала вядома, як упрыгожаць Мінск да навагодніх святаў

Паблізу Ратушы з'явіцца кампазіцыя з трох ёлак / prodetok.by, ілюстрацыйнае фота​
Паблізу Ратушы з'явіцца кампазіцыя з трох ёлак / prodetok.by, ілюстрацыйнае фота​

Калядныя вянкі, светлавыя кампазіцыі птушак і жывёл, пернікавыя домікі і ажурная 14-метровая свечка з'явяцца ў Мінску да свята Новага года, паведамляе БЕЛТА.

У сталіцы будуць усталяваныя 33 ёлкі. Галоўную ёлку на Кастрычніцкай плошчы ўпрыгожаць россыпам рознакаляровых шароў, фрэзераванымі сняжынкамі, званочкамі і піксельнай сеткай. На пляцоўцы побач з ёлкай усталююць аб'ёмныя светлавыя канструкцыі з 28 ажурных фантанаў вышынёй тры метры.

Ёлку на плошчы Незалежнасці вышынёй 18 метраў упрыгожаць цацкамі ў бардова-залатых колерах, а вакол шклянога купала ГЦ "Сталіца" ўсталююць светлавую кампазіцыю ў выглядзе кароны. З боку гасцініцы "Мінск" размесціцца аб'ёмная стылізаваная канструкцыя мяшка Дзеда Мароза вышынёй 4 метры.

Паблізу Ратушы з'явіцца кампазіцыя з фрэзераваных ёлак вышынёй 10, 12 і 14 метраў з падсветкай. Побач з Белдзяржцыркам акрамя ёлкі ўсталююць двух аб'ёмных тыгранят у асяроддзі навагодніх цацак і падарункаў.

Каля Палаца спорту на праспекце Пераможцаў разам з ёлкай у срэбна-фіялетавых тонах з'явіцца кампазіцыя з трохметровых пернікавых домікаў. Тут таксама ўсталююць ажурную 14-метровую свечку, на яе тросах замацуюць бліскучыя фрэзераваныя сняжынкі. Уздоўж набярэжнай Свіслачы з'явяцца светлавыя фігуры задыякальных жывёл.

У некаторых раёнах сталіцы ўжо пачалі ўсталёўваць навагоднія ёлкі, фатазоны і святочную ілюмінацыю. Асноўныя работы па ўпрыгожванні Мінска плануюць завяршыць да 15 снежня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі