Стала зразумела, што гэта не ядзерная бомба: як працуе беларускі рынак токенаў

Кадр з фільма "Воўк з Уол-стрыт"
Кадр з фільма "Воўк з Уол-стрыт"

1 лістапада 2019 года ў Беларусі з'явіўся рынак токенаў кампаній. У той дзень на інвестыцыйнай платформе Finstore.by размясцілася кампанія "Белвест". З таго моманту Finstore.by сабрала першы дзясятак мільёнаў долараў інвестыцый, а токены паспеў выпусціць нават хлебазавод. Сума даходу, выплачанага інвестарам, дасягнула $200 тысяч. А саміх інвестараў набралася больш за дзве тысячы.

Токен — гэта лічбавы актыў, якія дае яго ўладальніку права на нейкую рэч у рэальнасці або, напрыклад, азначае пазыковае абавязацельства, як у выпадку з токенамі кампаній. Тут токен падобны да аблігацыі. Толькі да лічбавай.

Сёння на Finstore.by можна знайсці прапановы 27 беларускіх прамысловых, будаўнічы прадпрыемстваў, фінансавых арганізацый. Токены адной кампаніі ёсць таксама на Currency.com. Але прыкметнай актыўнасці па гэтым кірунку на першай беларускай крыптабіржы няма.
Мы пагаварылі з кіруючым дырэктарам Finstore.by Дзмітрыем Шадко пра тое, што ўяўляе сабой рынак праз год, куды ўкладваюць грошы больш ахвотна і чаму фінансавая адукаванасць стала каменем спатыкнення для развіцця.

Стало понятно, что это не ядерная бомба: как работает белорусский рынок токенов
Дзмітрый Шадко / фота з асабістага архіва

Еўрарадыё: Як бы вы максімальна проста растлумачылі, што такое токены кампаній?

Дзмітрый Шадко: Увогуле кажучы, гэта такі ж фінансавы інструмент, да якіх мы прывыклі, — уклад, аблігацыя, пазыка. Не трэба спрабаваць у ім убачыць нейкі якасны скачок. Гэта проста лічбавая форма існавання звыклых адносін паміж фінансавай установай і кліентам.

Еўрарадыё: Што адбылося з моманту адкрыцця Finstore?

Дзмітрый Шадко: За год з'явіўся рынак. Прычым фактычна ў нас было паўгода — праз эпідэмію. У красавіку мы бачылі амаль поўнае спыненне, але ў кастрычніку — лістападзе карціна абсалютна іншая. Хоць эпідэмія захоўваецца, ёсць праблемы і з грамадскай, і з эканамічнай сітуацыяй.

З'явіліся гульцы, якія год таму ў прынцыпе не думалі пра такія рэчы. Тут, вядома, адыграла ролю і тое, што паўсталі складанасці з прыцягненнем рэсурсаў па звычайных крэдытных каналах.

Да гадавіны мы давялі да розуму прадукт з банкаўскай гарантыяй токенаў. На першы кейс наша база вельмі пазітыўна адрэагавала. Токены разабралі за тры дні. Другі напрамак звязаны не проста з укладаннем грошай, а з рэалізацыяй канкрэтных праектаў. Калі людзі ўкладваліся на першым этапе, то звярталі ўвагу ў першую чаргу на тэрміны, працэнтныя даходы, фінансавую справаздачнасць. Але не вельмі глядзелі, на што менавіта будуць траціцца грошы. Цяпер асабліва юрыдычныя асобы гатовыя ўкладваць не столькі пад працэнт, колькі даваць сродкі на ідэю.

Еўрарадыё: Што здзівіла або пайшло не так, як чакалася?

Дзмітрый Шадко: Прадукт разлічаны на сярэдні клас, гэта значыць не на зусім маленькія аперацыі. Але ў першыя месяцы мы сутыкаліся з тым, што куплі былі зусім невялікія. Умоўна, чалавек уклаў 100 еўра, паглядзеў, што ўсё добра, праверыў увод-вывад сродкаў. А потым атрымалася так, што вялікі адсотак людзей, якія адзін раз уклаліся, сталі рэгулярнымі інвестарамі. Гэта было прыемнае адкрыццё. Гэта значыць, сумы ўкладваюцца сярэднія, але досыць рэгулярна. Людзі спрабуюць розныя токены.

Новыя гульцы прыходзяць, але ў некаторыя месяцы ўжо дзейныя інвестары здзяйснялі больш за 30% аперацый.

Еўрарадыё: Інвестарам цікавыя токены, гарантаваныя банкамі. А што з токенамі саміх банкаў?

Дзмітрый Шадко: Цікавасць у банкаў ёсць, але пакуль ідуць абмеркаванні. Гэта патрабуе змены нарматыўнай базы. Зразумела, што, калі любы чыноўнік нешта разглядае, ён думае, а раптам там нешта не так. Таму год нашай працы і ўсіх крыптапляцовак, якіх ужо стала шэсць, паказвае, што гэта нармальны інструмент. Так, ён мае сваю нішу і нейкія рэчы ўсё яшчэ лепш рабіць праз традыцыйныя каналы. Але, прынамсі, сыдуць апаскі, што гэта ядзерная бомба, закладзеная пад банкаўскую сістэму.

Еўрарадыё: Што было самым складаным?

Дзмітрый Шадко: Ёсць праблема, якая да канца не знікла. Мы сутыкнуліся з сітуацыяй, калі прадукт аказаўся настолькі новы, што мы вельмі доўга выбіралі словы, каб растлумачыць патэнцыйным кліентам, што гэта такое. Я да гэтага часу не магу сказаць, што мы знайшлі ўніверсальную формулу.

У Беларусі пул крыптаэнтузіястаў не вельмі вялікі. Калі ты маеш зносіны з імі, усё добра, у вас агульная мова. Але гэты рынак не ўмее працаваць на маленькіх лічбах.

Пакуль гэты рух не становіцца больш-менш масавым, гэта не вельмі цікава з пункту гледжання бізнесу.

Шчыра кажучы, мы прыйшлі да той жа праблемы, якая ў прынцыпе характэрная для сучасных фінансаў, — фінансавая адукаванасць. Мы шмат гаворым пра асвету ў сферы сучасных інструментаў, расказваем, што крыптавалюта — гэта не страшна, што токен — гэта даволі просценькая рэч. Такенізацыя, або лічбавы токен, наогул на любой картцы выкарыстоўваецца, увогуле кажучы.

Еўрарадыё: Якія кліенты сталі нечаканымі?

Дзмітрый Шадко: Мы разумелі, што паслуга будзе запатрабаваная для фінансавых арганізацый. Напрыклад, лізінгавыя кампаніі прадстаўлены ў нас вельмі добра. І гэта зразумела, таму што ў іх бізнес-мадэль патрабуе прыцягнення сродкаў.

Самы нечаканы з апошніх кліентаў — гэта, вядома, хлебазавод. Я б сам туды ніколі не паглядзеў толькі таму, што проста такая думка не ўзнікла б. А там прагрэсіўныя людзі, якія самі глядзяць на розныя інструменты. Прадпрыемствы рэальнага сектара, вядома, нам цікавыя, таму што яны зразумелыя і ўстойлівыя.

Часам знаходзішся ў палоне ўласных уяўленняў. Гаворыш пра токены — і адразу ў галаве Apple, IT. А потым думаеш, што гэта проста інструмент атрымання фінансавання. Чаму гэтага праекта не можа быць у звычайнага прадпрыемства? Так у нас патроху пашыраюцца сферы.

Мы разглядалі некалькі незвычайных праектаў, звязаных з тэхналогіямі, зялёнай энергетыкай. Але пакуль не гатовыя прадставіць іх на платформе, таму што гаворка ідзе пра стартапы. Рэч у тым, што рынак новы і складана вызначыць сярэдні тэрмін збору сродкаў, што вельмі важна для праекта, які зараджаецца.

Еўрарадыё: Колькі, па вашых ацэнках, беларусы маглі б укласці ў токены?

Дзмітрый Шадко: Некалькі месяцаў таму мы ўдвая скарацілі ацэнку аб'ёму патэнцыйных інвестыцый на ўнутраным рынку — да $25 млн. Пакуль прытрымліваемся яе.

Мы можам выходзіць на аб'ём выпуску каля $10 млн у месяц. Столькі рэальна забяспечыць попытам, але пры ўмове, што з'явяцца больш творчыя прапановы. Гэта значыць, не проста "можна ў вас пазычыць трошкі грошай на нашу дзейнасць".

Еўрарадыё: Ці ёсць цікавасць у замежных інвестараў?

Дзмітрый Шадко: Ёсць невялікая колькасць аперацый, якія здзяйсняюць замежныя грамадзяне. Каб гэта развівалася, павінны прыходзіць праекты не беларускія, зразумелыя замежнаму інвестару. Дапусцім, для расіян токены расійскіх кампаній. Альбо гэта павінен быць вельмі арыгінальны праект.

Еўрарадыё: Раней вы адзначалі, што праз адток дэпазітаў з банкаў і звужэнне крэдытавання частка актыўнасці перайшла на Finstore. Ці захаваўся гэты трэнд?

Дзмітрый Шадко: На фоне складанасцяў з крэдытаваннем прадпрыемствы сталі прыходзіць да нас. Таму стала расці і працэнтная стаўка. Мы ўшчыльную падышлі да 8-9,5% у валюце. Год таму гаворка ішла пра 5-6%, максімум — 7%.

Еўрарадыё: Наколькі вялікі гэты рынак? Дзесяць мільёнаў — гэта шмат ці мала?

Дзмітрый Шадко: Гэта нядрэнны старт. Але ў маім уяўленні гэты рынак павінен складаць у Беларусі сотні мільёнаў. Мы зрабілі маленькі крок і рухаемся далей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі