Статкевіч: Мяне выклікаюць у суд эсэмэскай, позвы я не атрымліваў

Статкевіч: Мяне выклікаюць у суд эсэмэскай, позвы я не атрымліваў

На 22 верасня Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева нібыта выклікалі ў суд за несанкцыянаваны пікет, які прайшоў ля ГУМа 10 верасня. Але афіцыйнай позвы Статкевіч не атрымоўваў, таму ў суд з'яўляцца не збіраецца. Пра гэта палітык распавёў у размове з Еўрарадыё.

Мікола Статкевіч: "Раптам на мой мабільны прыйшла СМС дзіўнага зместу без зваротнага тэлефоннага нумару. Там, нібыта, ад імя суда Цэнтральнага раёна горада Мінска мяне запрашаюць на судовае паседжанне з нагоды гэтага пікету. Праз гадзіну тэлефануе, мяркуючы па голасе, малады мужчына і пачынае, па сутнасці, паўтараць тое, што было ў СМС. Я кажу, што "не ведаю, хто вы такі, можа гэта пранкер які".

Статкевіч сказаў яму, што калі тэлефанаванне сапраўды з суда, то няхай дасылаюць яму позву. "На правакацыі я не хачу паддавацца", — адзначыў былы палітвязень.

Нагадаем, несанкцыянаваны ўладамі пікет "За сумленныя і свабодныя выбары" прайшоў у Мінску ля ГУМа 10 верасня. Яго наведалі больш за дзве сотні чалавек. Тады ж на Мікалая Статкевіча склалі адміністрацыйны пратакол.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі