Студэнткі спрабавалі сарваць выступ Віталя Рымашэўскага ў Гомелі

Дзве сустрэчы кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага з выбаршчыкамі прайшлі ў суботу ў Гомелі. Падчас першай сустрэчы ў палацы культуры "Фестывальны" дзве дзяўчыны сваімі пытаннямі ледзь не ператварылі яе ў "базар".
Першае пытанне было адносна заробку настаўнікаў у вёсках. Рымашэўскі ў сваёй прамове адзначыў, што заробак для вясковых настаўнікаў трэба падняць да гарадскога ўзроўня, а лепш і зрабіць крыху большым. Студэнка 5-га курса гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, якая прадставілася Вольгай (але як даведалася Еўрарадыё, яе сапраўднае імя Насця), запыталася ці варта гэта рабіць, бо яна выдатніца і хоча працаваць у горадзе. Але тады, згодна з праграмай кандыдата, яна будзе атрымліваць менш, чым "невыдатнікі", якія накіраваліся ў вёску? На гэта кандыдат адказаў, што не бачыць тут праблемы, бо стан вёскі і настаўнікаў трэба ратаваць.

Праз нейкі час другая студэнтка Яніна на беларускай мове сказала, што кандыдат хлусіць пра стан у вёсках. Таму яна запрашае ўсіх прысутных у зале да сябе ў вёску Ціхінічы, дзе, напрыклад, у школе ёсць уласны басейн. Да Яніны адразу далучылася Вольга-Насця і яны разам пачалі нешта выкрыкваць у бок Рымашэўскага. Гэта выклікала вялікае абурэнне залы. Нейкая жанчына, што сядзела побач з мікрафонам, узнялася і заявіла, што хлусяць студэнкі. Яна ў прыклад прывяла вёску Раманавічы, якая адыйшла да тэрыторыі горада, але заробкі настаўнікаў там мізэрныя, а сама школа знаходзіцца ў катастрафічным стане.

Вэрхал, што ўзняўся ў зале, спыніў сам кандыдат. Ён сказаў, што не трэба вінаваціць дзяўчын, а трэба забараняць БРСМ — словы дзяўчат і тое, як яны сябе тут паводзяць — гэта вынік ягонай дзейнасці, сказаў Рымашэўскі.

Адзначым, што на сустрэчы прысутнічала каля 300 чалавек, што ўдвая менш, чым на мінулай сустрэчы з іншым кандыдатам — Андрэем Саннікавым.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі