На філфаку БДУ і ў школе +14 градусаў, а ў адміністрацыі раёна +18!

У дзіцячым садку № 216 г. Мінска цёпла. Выхавальніцы кажуць, што прыходзяць сюды грэцца, бо дома дубак.

“У нас зараз вельмі цёпла, зранку ўчора затапілі”.

На філалагічным факультэце БДУ, што на Карла Маркса, гардэроб амаль пусты, а студэнты нават у сталоўцы сядзяць у вопратцы.

Знаходжу адкрытую лекцыйную залу, вымяраю тэмпературу — тут не болей за +14 градусаў, батарэі халодныя. У лекцыйнай зале сядзяць дзве студэнткі — Марына і Таня, апранутыя.

“Лекцыі пачынаюцца а восьмай гадзіне раніцы — і тут вельмі холадна пасля ночы. Я іншым разам нават з шалікам сяджу. Хлопцы болей без куртак, але і ў куртках сядзяць. Выкладчыкі таксама часам у куртках, каля дошкі з крэйдай — і потым уся гэтая крэйда на іх куртках. Гарбатай грэемся, хварэем”, — прызнаецца Марына, студэнтка першага курса эканамічнага факультэта БДУ.

У галоўным корпусе Белдзяржуніверсітэта — таксама не надта горача. Тут усяго +14... +16 градусаў цяпла — на калідорах студэнты сядзяць у верхняй вопратцы. Але я разумею, адкуль у памяшканні ўніверсітэта гэтак холадна: у вокнах шчыліны —  можна прасунуць руку.

“Мы на факультэце міжнародных адносін вучымся — там новы будынак і не холадна. А вось тут (праз галоўны корпус БДУ. — заўв. Еўрарадыё) прайшліся, заўважылі, што не цёпла”, — распавядае студэнтка факультэта міжнародных адносін Ганна.

"Калі надышым — цёпла, нармальна", — прызнаецца студэнтка Інстытута культуры Слава.

“У асноўным у куртках сядзім. Дзе цёплая аўдыторыя, дзе не вельмі”, — амаль слова ў слова паўтарае студэнтка гэтага ж інстытута Таццяна.

У школе № 1 Мінска дзеці бегаюць у кашулях і швэдрах. Па іх не скажаш, што асабліва мерзнуць. Тэрмометр фіксуе ў розных памяшканнях ад +14 да +17.

“Быццам бы ўчора ўключалі ацяпленне, пратаплівалі. Але сёння яшчэ халодныя батарэі”, — кажа бібліятэкарка.

Але цяплей за ўсё аказалася ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, што насупраць школы № 1. Чыноўнікі ў цёплых швэдрах, тэрмометр паказвае +18. Перамяшчаюся па калідорах, але апарат бы застыў  — упарта паказвае +18 градусаў і на першым паверсе, і на другім, і на трэцім.

У Facebook слухачка Алена Анціпенка з Гомеля піша, што ў іх дзіцячым садку — +12, а калі затапілі, стала +28. Дзяўчына пытаецца, чаму заўсёды так: з крайнасці ў крайнасць?

Між тым, камунальнікі прызнаюць, што сярэдняя тэмпература ніжэй за 8 градусаў ужо больш чым 5 дзён, а значыць ацяпленне пара ўключаць! Але надвор'е аказалася нечакана халодным. Маўляў, яшчэ два тыдні таму ніхто не мог такога спрагназаваць.

"Апошнія 5 гадоў у нас самае ранняе ўключэнне было 7 кастрычніка, самае позняе — 14-га. Таму мы заўсёды плануем уключэнне недзе пасля 7 кастрычніка. Але тут ад нас не залежала, так вырашыла надвор'е і прырода".

У ЖЭСе №12 Еўрарадыё расказваюць, што да цяпла падключаць не ўсіх адразу.

"Паводле графіку 5 дзён на падключэнне. У адзін дзень не могуць запусціць цэлы горад, бо сеткавай вады не хопіць".

Чаму не хопіць, тлумачаць у ЖРЭА Фрунзенскага раёна сталіцы.

"Па нашым жылфондзе 570 дамоў. Яны засілкаваныя ад розных магістраляў. Калі падключыць у адзін дзень усе дамы, то на ўсіх не хопіць ні вады, ні ціску".

Таму дамы ўключаюць па чарзе на працягу 5 дзён, па 20% за дзень. Тое, у якім парадку ўключаць ваш дом, залежыць ад ружы вятроў, колькасці паверхаў, канструкцыі, нават ад вышыні, на якой стаіць дом, — той, што стаіць вышэй, уключаць першым. Ва ўсім вінаваты законы фізікі.

"Калі верхні дом уключыць на пяты дзень, то яму не хопіць ціску і мы яго ніколі не зможам вызваліць ад паветра ў трубах і нармальна запусціць. І гэта будзе вялікая праблема. Таму яго трэба ў першую чаргу ўключыць".

Холадна і ў Галоўным гаспадарчым упраўленні, і ў Адміністрацыі прэзідэнта на вуліцы Карла Маркса. "Батарэі ў нас яшчэ не уключылі, халодныя", — кажуць там.

Як распавялі Еўрарадыё ў Галоўным гаспадарчым упраўленні, ацяпленне ў адміністрацыйных будынках уключаюць па распараджэнні Мінгарвыканкама, якое яшчэ не прыйшло. Звычайна гэта адбываецца праз 1-2 дні пасля падключэння жылых дамоў. А іх пачынаюць падключаць сёння.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі