Студэнты БНТУ, якім забаранілі пакідаць інтэрнат, бегаюць праз акно (відэа)
Студэнтам інтэрната №6 БНТУ 9 красавіка забаранілі пакідаць свае пакоі і сам будынак. Прычына ў тым. што адну з жыхарак інтэрната павінны шпіталізаваць з падазрэннем на каранавірус, піша TUT.by са спасылкай на адміністрацыю інтэрната.
Аднак у Telegram-канале "Сядзім дома з Пушкіным" з'явілася відэа, як студэнты ўцякаюць з будынка праз акно.
У адміністрацыі інтэрната заявілі, што студэнтам забаронена пакідаць яго — яны могуць толькі ўваходзіць. На пытанне, як адміністрацыя будзе кантраляваць знаходжанне студэнтаў у сваіх пакоях, адказалі: "Гэтай інфармацыі не ведаем, пакуль вырашаецца на вышэйшым узроўні".
Нагадаем, што першы выпадак каранавіруса ў Беларусі быў выяўлены якраз у студэнта БНТУ, які прыляцеў з Ірана. Пасля гэтага студэнтаў універсітэта адпускалі на дыстанцыйнае навучанне.
Гэтая мера выклікала незадавальненне Аляксандра Лукашэнкі. На нядаўняй нарадзе ён заявіў, што ў БНТУ да самаізаляцыі падышлі безадказна і вынік аткой самаізаляцыі быў нулявы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.