Студэнты прыехалі “на бульбу”, а замест разліку на іх выклікалі міліцыю

Студэнты прыехалі “на бульбу”, а замест разліку на іх выклікалі міліцыю

Студэнты гомельскага ўніверсітэта транспарту прыехалі “на бульбу”, а замест адплаты за працу ледзь не трапілі ў міліцыю. У якасці заробку за некалькі гадзін працы на палях камбіната “Усход” моладзі прапаноўвалі 5 кг морквы. Але калі студэнты хацелі з’ехаць з ганарарам, ахоўнікі прадпрыемства выклікалі на іх міліцыю.

“На ўборку паехала 250-300 чалавек з некалькіх патокаў,  — распавядае Еўрарадыё студэнт, які працаваў у камбінаце “Усход”. — Я ў той момант на іншым канцы поля быў. Ведаю, што быццам бы там зашмат у машыну хтосьці са студэнтаў загрузіў. Ці там толькі адзін чалавек шмат узяў, ці іх некалькі было”.

Студэнты ездзяць “на бульбу” кожны год. Звычайна такія паездкі абдываюцца замест заняткаў. Ва ўборцы ўраджаю ўдзельнічаюць практычна ўсе курсы і факультэты: прасцей адзін раз “з’ездзіць і забыць”, чым спрабаваць адмаўляцца ад прапановы, адмовіцца ад якой немагчыма.

Перад выездам студэнтам даюць падпісаць заяву, што яны згодныя атрымаць заробак у “натуральным выглядзе”.

 

Студэнты прыехалі “на бульбу”, а замест разліку на іх выклікалі міліцыю
Такую паперу трэба запоўніць кожнаму студэнту

На камбінаце “Усход” Еўрарадыё тлумачаць, што ў іх сапраўды не хапае працоўных рук. Але дадаюць, што трэба ставіцца да працы па-чалавечы. Ніхто не сочыць, узяў студэнт 5 кг морквы ці 8 кг, але ж трэба ведаць межы.

“Студэнты ў нас народ дзелавы, — кажуць у ідэалагічным аддзеле прадпрыемства.  — Вырашылі, што правілы не для іх. Вартаўнік папрасіў адчыніць багажнік: маўляў, там шмат мяшкоў. Уладальнік машыны адмовіўся, на яго выклікалі міліцыю. Пасля ўзважылі: у багажніку было 72 кг морквы. Калі нават на пяцярых бралі, то там 25 павінна было атрымацца. Ніякіх пратаколаў не складалі на гэтага студэнта, ніхто яго не затрымліваў”.

Але пакрыўджаныя студэнты распавядаюць Еўрарадыё, што моркву загадалі пакінуць на полі не толькі таму студэнту, які набраў у багажнік больш за 70 кг, але і ўсім астатнім!

“Прыехала міліцыя, нам сказалі высыпаць моркву, якая для нас была. Не разумею толькі, чаму іншым не дазволілі ўзяць, што зарабілі. Ну, з тымі, хто перабраў зразумела, але ў іншых усё нармальна было… Але сказалі высыпаць, інакш парушаем закон! Прынамсі, мой паток з пустымі рукамі дамоў і паехаў”.

У ВНУ Еўрарадыё паведамілі, што ніякага канфлікту не было, а сітуацыю проста раздзьмулі.

“Студэнты шмат гадоў ездзілі [на бульбу], і будуць ездіць,  — кажа прарэктар БелДУТа па выхаваўчай працы Галіна Чаянкова. — Нічога не адбылося. Працу аплачваюць морквай. З аднаго факультэта студэнты папрасілі сябра прывезці іх моркву на 15-16 чалавек. Навошта аднаму студэнту столькі морквы? Адразу не разабраліся, міліцыю выклікалі… Думалі, што гэта аднаму яму. Не зусім зразумелая пазіцыя камбіната “Усход”, бо трэба быць удзячнымі за дапамогу, а не рабіць скандал”.

Чаянкова дадае, што паездкі на збор ураджаю — выключна добраахвотная справа, ад якой можна адмовіцца. А моладзь, якая едзе працаваць, робіць гэта з вялікім задавальненнем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі