Студэнты прынеслі 250-метровы ліст са зваротам да Віктара Януковіча
Яны патрабуюць, каб прэзідэнт Украіны падпісаў Дамову пра асацыяцыю з Еўрасаюзам на саміце Усходняга партнёрства ў Вільні.
Таксама маладыя людзі жадаюць, каб усе акцыі Еўрамайданаў ва ўсіх гарадах Украіны праводзіліся без рэпрэсій. Студэнты таксама заклікаюць Януковіча "неадкладна сустрэцца з прадстаўнікамі студэнцтва, якія бяруць удзел у Еўрамайдане" і патрабуюць: "1. Выканаць неабходныя для падпісання Дамовы пра асацыяцыю з ЕС умовы і публічна абвясціць мэтай Вашага знаходжання на Віленскім саміце падпісанне гэтай дамовы і выказаць гатовасць падпісаць яго 29 лістапада. 2. Гарантаваць бяспеку мірных Еўрамайданаў ва ўсіх гарадах Украіны, а таксама адсутнасць рэпрэсій супраць іх удзельнікаў як падчас гэтых акцый, так і пасля іх заканчэння. Спыніць спробы забароны Еўрамайданаў праз суд мясцовымі органамі ўлады".
Як перадае УНІАН, студэнты выклалі 250-метровы ліст на вуліцы Банкавай, бо подступы да Адміністрацыі прэзідэнта Украіны перагарадзіў шчыльны кардон спецпадраздзялення міліцыі і некалькі аўтобусаў.
Да мітынгоўцаў выйшаў чалавек, які сказаў, што прадстаўляе Адміністрацыю прэзідэнта. Яму перадалі ліст ад студэнцтва.
Дарэчы, сёння на кіеўскі Майдан Незалежнасці выйшла каля 5000 студэнтаў з розных ВНУ украінскай сталіцы.
Фота — unian.net