Студэнты: Улада не рэагавала спакойна на нашыя патрабаванні, а ігнаравала іх

Студэнты: Улада не рэагавала спакойна на нашыя патрабаванні, а ігнаравала іх

Заява міністра адукацыі пра неабходнасць быць "больш агрэсіўнымі" да ўдзельнікаў студэнцкіх пратэстаў расчаравала студэнтаў.

Як паведамляла Еўрарадыё, 14 снежня міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў раскрытыкаваў студэнцкія акцыі пратэсту супраць платы за пераздачу іспытаў і залікаў. На яго думку, ініцыятары пратэстаў карыстаюцца інтэлігентнасцю і спакойным рэагаваннем уладаў на розныя выбрыкі і, магчыма, “трэба быць больш агрэсіўнымі” у рэакцыі на такія акцыі.

Словы міністра расчаравалі ўдзельнікаў руху “Студэнты супраць”. У каментары Еўрарадыё адзін з ініцыятараў руху Яўген зазначыў: "Жураўкова ўспрымалі як еўрапейскага міністра, які будзе рэфармаваць вышэйшую беларускую адукацыю і яднацца са студэнтамі. А ў выніку атрымоўваецца, што гэта яшчэ адзін бюракрат, які будзе гнуць сваю лінію і не дапусціць студэнтаў у працэс прыняцця рашэнняў”.

На думку хлопца, ніякага спакою ў дачыненні да рэакцыі студэнтаў на платныя пераздачы ўлады не выказвалі:

Яўген: “Яны не прапаноўвалі ні перамоваў, ні кансэнсусу па гэтым пытанні, а проста ігнаравалі нашы патрабаванні і жаданне дыялогу. А наконт таго, што трэба быць больш агрэсіўнымі, — вельмі цікава паглядзець, што яны разумеюць пад гэтым. Увогуле мае паплечнікі і сябры кажуць, што гэта прагучала, як заклік да агрэсіі і фізічнай расправы. Але галоўнае, што чуць такія словы ад міністра адукацыі — гэта вельмі дзіўна”.

На думку Яўгена, рэакцыя міністра сведчыць, што на цяперашнім этапе ні адміністрацыі ўніверсітэтаў, ні тым больш Мінадукацыі не гатовыя працаваць са студэнтамі на роўных і ўлічваць іх меркаванні.

У лістападзе студэнты БДУ падалі петыцыю ў рэктарат, каб не ўводзілі платныя пераздачы. Цяпер студэнцкі рух рыхтуе зварот у пракуратуру. Па словах Яўгена, да руху далучаецца ўсё больш студэнтаў з розных ВНУ. Калі патрабаванні не будуць пачутыя, пасля сесіі моладзь можа зноў выйсці на вуліцы.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі