Суд адмовіўся аднаўляць на працы рабочага, які крытыкаваў прадпрыемства
Магілёўскі зваршчык выдаваў уласны бюлетэнь, у якім расказваў пра праблемы арматурнага завода.
Але быў звольнены, бо прынёс на працу дыктафон. Грамадскі актывіст і рэдактар завадскога самвыдатаўскага бюлетэня “Валадарынка” Валадар Цурпанаў спрабаваў праз Магілёўскі раённы суд адмяніць рашэнне адміністрацыі арматурнага завода, уласнікам якога з’яўляецца ААТ “Протас”, аб пазбаўленні яго прэміі, а таксама вынясенні дысцыплінарнай вымовы.
Да свайго звальнення Валадар Цурпанаў працаваў зваршчыкам. Паміж ім і наймальнікам была заключаная бестэрміновая працоўная дамова.
“Суд адмовіў у задавальненні маіх пазоўных патрабаванняў, прызнаўшых іх незаконнымі ў тым сэнсе, што ўсе дзеянні наймальніка цалкам у рэчышчы працоўнага заканадаўства. Наймальнік пазбавіў мяне 100% прэміі за месяц і вынес вымову за парушэнне правілаў унутранага распарадку і ўнутрыаб’ектнага рэжыму, якое выявілася ў парушэнні Загада №16, які быў выдадзены напярэдадні і паводле якога работнікам завода забаранілі праходзіць на тэрыторыю завода з прадукцыяй электроннай прамысловасці, што мае функцыі фота- і відэафіксацыі”, — распавядае грамадскі актывіст.
Валадар Цурпанаў лічыць, што Загад №16 на прадпрыемстве быў выдадзены адмыслова пад яго, каб не дапусціць выхаду інфармацыі за межы прадпрыемства.
“Справа ў тым, што гэты загад з’явіўся праз тры дні пасля таго, як я скарыстаўся функцыяй дыктафона на тэлефоне і запісаў вельмі прыкры інцыдэнт, які адбыўся ў кабінеце юрыстаў. Я мяркую, што менавіта магчымасць выкарыстання гэтых сродкаў у якасці маёй абароны прымусіла іх выдаць такі загад. Наймальнік патлумачыў увядзенне гэтай забароны неабходнасцю бараніць камерцыйную таямніцу. Засталося толькі пытанне: а якую таямніцу можна зафіксаваць з дапамогай дыктафона?” — здзіўляецца грамадскі актывіст.
Папярэднічала супрацьстаянню Валадара Цурпанава з адміністрацыяй прадпрыемства змаганне актывіста за лепшыя ўмовы працы: душавыя, пакой для харчавання, спецадзенне. Асобным пунктам было змаганне за беларускую мову: каб усе адказы на яго беларускамоўныя звароты прыходзілі ад кіраўніцтва на мове напісання звароту.
“Паколькі я лічу, што гэтая працоўная справа выходзіць за межы працоўных адносінаў, а загад увогуле ўмешваецца ў мае канстытуцыйныя правы, бо тут наўпрост парушанае права на прыватную ўласнасць, на распараджэнне ёй, на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, таму яна цалкам у рэчышчы сферы генеральнага камісара па правах чалавека ААН. Буду абскарджваць гэтае рашэнне, бо лічу, што суддзя праігнаравала ўсе мае аргументы, выкладзеныя падчас судовага пасяджэння”, — кажа Валадар Цурпанаў.
Нагадаем, што Валадар Цурпанаў быў раптоўна звольнены 16 кастрычніка, у дзень, калі выйшаў на працу пасля хваробы. Наймальнік вырашыў спыніць з ім працоўныя адносіны праз вымову і матэрыяльныя страты, якія нібыта былі нанесеныя прадпрыемству. Дагэтуль актывісту некалькі разоў прапаноўвалі звольніцца з завода па ўласным жаданні.
Фота: svaboda.org
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма