Суд ЕС не зняў санкцыі з "Беларуськалія", яго гендырэктара і БКК
"Беларуськалій" застаецца пад санкцыямі / Euroradio
Суд ЕС не зняў санкцыі з "Беларуськалія", яго гендырэктара Івана Галаватага і Беларускай калійнай кампаніі. Аргументы беларускага боку ён палічыў недастатковымі. У прыватнасці, юрысты, якія прадстаўлялі інтарэсы "Беларуськалія", настойвалі, што ўвядзеннем сектаральных санкцый Савет ЕС нібыта парушыў асноўныя правы чалавека і акты міжнароднага права, прынцып прававой дакладнасці, а таксама норму, згодна з якой санкцыі павінны быць мэтавымі.
Беларускаму прадпрыемству, як і БКК, і Галаватаму, давядзецца заплаціць судовыя выдаткі.
Раней "Беларуськалій" спрабаваў судзіцца з Літвой за адмову транспартаваць калійныя ўгнаенні і выстаўляў рахунак на мільярд еўра. Літва скасавала пагадненне пра перавозку беларускіх угнаенняў з меркаванняў нацыянальнай бяспекі ў лютым 2022-га. Еўрасаюз і ЗША ўвялі забарону на іх экспарт яшчэ ў 2021 годзе. Каб дамагчыся зняцця санкцый, Аляксандр Лукашэнка прадказаў свету... голад. Але гэта не спрацавала.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.