Суд прызнаў мінчука нябожчыкам і забраў жытло
Больш за паўтара года мінчук дабіваўся, каб яго зноўку прызналі паўнавартасным жывым грамадзянінам
У суд на жыхара Мінска Валерыя Грыцука падало ЖРЭА Заводскага раёна сталіцы. Мужчына больш за год не з’яўляўся ў сваім пакоі па вуліцы Герасіменкі, 58. Туды ён перасяліўся пасля разводу з жонкай. І неўзабаве з’ехаў працаваць за мяжу.
Суд Заводскага раёна Мінска падтрымаў ЖРЭА. Валерыя Іванавіча ў жніўні 2007 года прызналі адсутным без вестак. Такім чынам, пакой па вуліцы Герасіменкі зрабіўся нічыйным.
Валерый Грыцук разважыў, што адсутны без вестак — гэта тое самае, што нябожчык, і пачаў сябе “ажыўляць”. Праблема палягала ў тым, што Валерый Іванавіч — незалежны праваабаронца, і вяртацца ў Беларусь ён баяўся.
“Таму што супраць мяне ёсць крымінальная справа, якая вельмі смешная, — тлумачыць Валерый Грыцук. — Гэта крадзеж асабліва сакрэтных дакументаў. Гэта — гарантыя пяць гадоў за кратамі, прычым у закрытым судовым працэсе. Вось прыдумалі такі спосаб са мной разабрацца”.
Праваабаронца даслаў скаргу ў Мінскі гарадскі суд. І ў першы раз дакумент разглядаць адмовіліся. Але з другога разу старшыня суда Уладзімір Пуціла падтрымаў Валерыя Грыцука:
“Магчыма, штуршком да прыняцця пратэсту старшынёй з’явілася тое, што я даў аб’яву ў газеце “Народная воля” аб тым, што я жывы-здаровы і змагаюся за дэмакратыю, — распавядае Валерый Іванавіч. — І вось прэзідыум Мінскага гарадскога суда вызначае адмяніць рашэнне суда Заводскага раёна”.
“Справу накіраваць на новы разгляд у той жа суд іншаму суддзі”, — пазначана ў пастанове, падпісанай старшынёй Мінгарсуда Уладзімірам Пуцілам.
І на гэты раз суд Заводскага раёна “ўваскрэсіў” Валерыя Грыцука. Фінальная пастанова датуецца 26 ліпеня гэтага года.
“Суд Завадскога раёна г. Мінска паведамляе, што ваш зварот разгледжаны, — напісана ў пастанове. — Паводле рашэння суда ў заяве ЖРЭА Завадскога раёна адмоўлена”.
Праваабаронца зноў мае права на пакой па вуліцы Герасіменкі. Праўда, калі ён адважыцца адкрыта вярнуцца ў Беларусь — невядома.
“Галоўнае — ніколі не здавацца, — кажа Валерый Іванавіч. — Мая гісторыя гэтаму прыклад. Я не спыняю змагання за дэмакратыю, развіваюся і фізічна — валодаю кунг-фу. Прыемна і тое, што апошнія пастановы судоў пісаліся для мяне па-беларуску. У мяне яшчэ шмат імпэту для вялікіх спраў у развіцці дэмакратыі на Бацькаўшчыне".
Фота аўтара