Суд спагнаў з выпускніка грошы за навучанне, але пракурор апратэставаў
Грамадзянскі кодэкс, ілюстрацыйнае фота
Пракурор Магілёўскага раёна апратэставаў судовае рашэнне па спагнанні грошай з выпускніка, які не прыбыў па месцы размеркавання, паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці.
Хлопец вучыўся ў 2018-2021 гадах за кошт абласнога бюджэту. Ён падпісаў дамову, што абавязваецца адпрацаваць адпаведны тэрмін па размеркаванні, а ў іншым разе кампенсуе сродкі, затрачаныя на яго падрыхтоўку.
28 чэрвеня 2021 года юнак закончыў адукацыю і быў размеркаваны ў магілёўскі тралейбусны парк №1. У той жа дзень яго звольнілі ў сувязі з паступленнем на больш высокі ўзровень адукацыі. Неўзабаве маладога чалавека прызвалі ў армію. Там ён служыў з 3 лістапада 2021 года па 2 траўня 2023-га.
Пасля ваеннай службы малады чалавек па яго заяве быў адлічаны са складу навучэнцаў для асваення адукацыйнай праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Затым яго размеркавалі ў СДП "Авангард" Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі, але да месца працы ў прызначаны яму тэрмін юнак не прыбыў.
Раённы суд пастанавіў спагнаць з маладога чалавека 9,3 тысячы рублёў, затрачаныя дзяржавай на навучанне, бо той не адпрацаваў абавязковы тэрмін па месцы размеркавання.
Але пракурор Магілёўскага раёна апратэстава гэтае рашэнне. Ён спаслаўся на тое, што ў сувязі з тэрміновай службай у войску малады чалавек вызваляецца ад выплаты грошай за навучанне. Судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда задаволіліа апеляцыйны пратэст пракурора.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.