Суд вынес папярэджанне маці Ігара Пцічкіна, які сканаў у СІЗА №1
Суд Маскоўскага раёна Мінска папярэдзіў Жанну Пцічкіну пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства.
Жанчыну вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыяваным масавым мерапрыемстве, якое, на думку суда, адбылося 14 верасня каля СІЗА №1 у Мінску. Там сабраліся людзі, каб ушанаваць памяць сына Пцічкінай, які памёр пры загадкавых абставінах. Суд прызнаў жанчыну вінаватай, аднак вырашыў не ўжываць да яе штрафных санкцый ці арышту.
На судзе Пцічкіна заявіла, што прыехала да СІЗА са сваякамі і сябрамі ўшанаваць памяць сына, інфармуе БелаПАН. Яна адзначыла, што ніякага мерапрыемства людзі не праводзілі, бо міліцыянты затрымалі большасць яшчэ да таго, як яны паспелі выйсці са сваіх аўтамабіляў. Супрацоўнікі міліцыі загадалі ім пакінуць машыны і прайсці ў прыпаркаваны непадалёк спецыяльны аўтамабіль для перавозкі затрыманых.
Супрацоўнікі міліцыі на судзе разышліся ў меркаваннях, колькі людзей брала ўдзел у мерапрыемстве, а таксама дзе і ў які час адбылося затрыманне Пцічкінай. Акрамя таго, сведкі далі супярэчлівыя сведчанні наконт таго, хто з папярэджваў людзей пра несанкцыяваны характар мерапрыемства.
Як паведамляе Радыё "Свабода" праваабаронцу Андрэя Бандарэнку таксама вярнулі ў суд з недапрацаваным пратаколам. Яго будуць судзіць, каб паспець укласціся ў двухмесячны тэрмін, адзведзены законам. Сёння апошні дзень для такога суда.
Фота — svaboda.org