Суд вызваліў Андрэя Пачобута ад пакарання
Улетку 2011 года гродзенскага журналіста за паклёп на прэзідэнта асудзілі на 3 гады зняволення з адтэрміноўкай у два гады.
Разгляд справы Андрэя Пачобута адбыўся 23 верасня ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Суд прыняў рашэнне вызваліць журналіста ад пакарання.
Нагадаем, у ліпені 2011 года суд прызнаў Пачобута вінаватым па частцы 2 артыкула 376 Крымінальнага кодэкса — "Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". Аднак, дзякуючы адтэрміноўцы, журналіст быў вызвалены з-пад варты ў зале суда.
Што праўда, у канцы чэрвеня 2012 года супраць Пачобута распачалі яшчэ адну крымінальную справу па тым жа артыкуле. Тэрміны расследавання падаўжаліся некалькі разоў, але ў выніку было прынятае рашэнне спыніць папярэдняе расследаванне “у сувязі з недаказанасцю ўдзелу абвінавачванага ў здзяйсненні злачынства”.
Нагадаем, Андрэй Пачобут жыве ў Гродна і працуе ў польскай "Gazeta Wyborcza".
Фота: "Радыё "Свабода".