Суд за гандаль зброяй у Баранавічах. Галоўнаму фігуранту пагражае 11 гадоў

Суд за гандаль зброяй у Баранавічах. Галоўнаму фігуранту пагражае 11 гадоў

14 лістапада ў Баранавічах аднавіўся суд па справе аб крадзяжы зброі і гандлі ёю, перадае Радыё "Свабода". 

Папярэдняе пасяджэнне суддзя прыпыніла, бо шэраг абвінавачаных заявілі пра збіццё і псіхалагічны ціск з боку супрацоўнікаў КДБ, контрразведкі, Следчага камітэта, а таксама вайсковай часці 29969, адкуль выкрадалі зброю. Аднак агучаныя падсуднымі факты не пацвердзіліся, таму суддзя Літвінчык аднавіла працэс. 

Выступ пракурора, які пералічваў даказаныя на яго думку злачынствы абвінавачаных, заняў больш як 2,5 гадзіны. Пракуроры лічаць віну ўсіх дзесяці абвінавачаных даказанай. Яны пацвердзілі, што шэраг падсудных актыўна супрацоўнічалі са следствам, расказвалі пра акалічнасці злачынстваў, паказвалі месцы захоўвання крадзенай зброі.

Галоўнаму фігуранту справы — прапаршчыку Дзмітрыю Кульжыку абвінавачанне папрасіла 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама пракурор папрасіў аштрафаваць Кульжыка на 1530 рублёў (60 базавых велічыняў) і пазбавіць вайсковага звання.

Паводл звестак следства, менавіта Кульжык як загадчык складу краў пісталеты Макарава і аўтаматы Калашнікава, а таксама боепрыпасы да іх. Акрамя таго, ён асабіста выносіў і вывозіў скрадзеную зброю за межы вайсковай часці.

Наконт іншых падсудных бок абвінавачання не змог адразу агучыць прапанаваныя меры пакарання, таму на судзе абвешчаны чарговы перапынак.

Па справе аб выкраданні зброі з баранавіцкага ганізона судзяць 10 чалавек. Гэта былыя вайскоўцы, адзін оперупаўнаважаны, беспрацоўныя і супрацоўнікі транспартных фірмаў. Крымінальная справа займае 63 тамы, яе вядуць тры дзяржаўныя абвінаваўцы.

Затрыманні за крадзеж зброі адбыліся ў ліпені 2018 года. Паводл матэрыялаў расследавання, агучаных на судзе, чатыры пісталеты Макарава можна было купіць за 560 долараў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі