Судзяць уладальніка майкі з "царом-самазванцам": непадпарадкаванне міліцыі
Юрыя Рубцова раніцай у панядзелак прывезлі ў суд Савецкага раёна Мінска. Пачаўся разгляд яго справы.
Жыхара Гомеля група людзей у цывільным затрымала ў нядзелю пасля заканчэння мітынга ў Курапатах. Юрый Рубцоў удзельнічаў у шэсці на "Дзяды", арганізаваным Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй — БНФ. Ён быў у майцы з надпісам "Четырежды президент — нет! Это не президент, а царь-самозванец!". З іншага боку было напісана: "Лукашенко уходи".
Праваахоўнікі прапаноўвалі яму зняць майку яшчэ ў пачатку акцыі, але ён адмовіўся.
Як паведамляе Радыё Свабода, Рубцову 52 гады. Ён працуе ў гомельскім Цэнтры будоўлі і рамонту, з'яўляецца актывістам незалежнага прафсаюзу. Свае дзеяньні на шэсці 3 лістапада Рубцоў патлумачыў так: "Лукашэнка сказаў, што сыйдзе, калі яго пра гэта папросіць народ. Вось я і прашу".
Сёння стала вядома, што Юрыя Рубцова вінавацяць у "непадпарадкаванні міліцыі".
Фота — Еўрарадыё