Сума штрафаў Дашкевіча, за якія забралі аўтамабіль, дасягае 10 тысяч рублёў
Увечары 25 студзеня група судовых выканаўцаў канфіскавала аўтамабіль лідара зарэгістраванага ў Чэхіі "Маладога фронту" Змітра Дашкевіча. Падставай сталі неаплачаныя штрафы, якія Дашкевіч атрымліваў цягам 2016 года за разнастайныя акцыі пратэсту.
Як расказаў апазіцыянер у размове з Еўрарадыё, у Адзеле прымусовага выканання Першамайскага раёна яму паведамілі агульную суму неаплачаных штрафаў. "Там дзевяць пратаколаў. Агульная сума — прыкладна 10 тысяч рублёў", ― гаворыць Зміцер Дашкевіч. Па яго словах, сума ў 12 000 рублёў, у якую першапачаткова ацанілі яго аўтамабіль, папярэдняя. Эксперты яшчэ раз ацэняць машыну, вызначаць яе кошт і пасля адправяць на рэалізацыю. Апазіцыянер мае 10 дзён, каб абскардзіць канфіскацыю.
"Пакуль не ведаю, што буду рабіць. Яшчэ ёсць магчымасць абскардзіць рашэнне судовых выканаўцаў. Буду раіцца з юрыстамі", ― гаворыць Зміцер Дашкевіч.
30 студзеня апазіцыянер павінен з'явіцца ў свой тэрытарыяльны аддзел ДАІ, дзе яго чакае размова аб інцыдэнце, што здарыўся падчас канфіскацыі аўтамабіля. Па адной з версій, уцякаючы ад эвакуатара судовых выканаўцаў, Дашкевіч наехаў на нагу адной з прыставаў. Пазней яна напісала заяву ў ДАІ. Апазіцыянеру пагражае пазбаўленне правоў на кіраванне аўтамабілем.