Супраць новага "дэкрэта аб дармаедстве" прагаласавалі толькі два чалавекі
Новы "дэкрэт аб дармаедстве" разглядалі на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў 17 траўня. За прыняцце гэтага дэкрэта прагаласавалі амаль усе прысутныя дэпутаты. Супраць яго падалі галасы толькі дзве жанчыны — Ганна Канапацкая і Алена Анісім.
Дэкрэт аб спрыянні занятасці насельніцтва ў парламенце прадстаўляла міністр працы Ірына Касцевіч. Яна паведаміла, што да 1 снежня 2018 года плануецца скласці базу працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. Гэтая база будзе абнаўляцца штоквартальна. Займацца гэтымі грамадзянамі будуць спецыяльна створаныя камісіі.
Супраць дэкрэту выступіла Ганна Канапацкая. Яна пацікавілася, навошта ствараць дадатковую бюракратычную структуру, калі ў краіне ёсць дзяржаўная служба занятасці. У адказ міністр Касцевіч патлумачыла, што ў камісіі ўвойдуць прадстаўнікі розных ведамстваў — МУС, падатковай інспекцыі і г.д. Пасля гэтага дэпутатка заклікала калег не галасаваць за дэкрэт, бо ён супярэчыць міжнародным нормам і прыніжае чалавечую годнасць.
Як вядома 25 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт №1 па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Гэты дакумент прыйшоў на змену дэкрэту №3, падпісанаму ў 2015 годзе і вядомаму як "Дэкрэт аб дармаедстве". Новы закон не ўключыў норму аб зборы грошай на фiнансаванне дзяржаўных выдаткаў з працаздольных непрацуючых грамадзян. Замест гэтага з такіх грамадзян, паводле рашэння ўрада, будуць патрабаваць поўны кошт аплаты трох жыллёва-камунальных паслуг — газазабеспячэння, падагрэва вады і ацяплення.