Супрацоўнікі беларускай АЭС адпрацуюць дзеянні падчас аварыі на трэнажоры
Супрацоўнікі Астравецкай АЭС будуць адпрацоўваць дзеянні на выпадак няштатных сітуацый на поўнамаштабным трэнажоры блочнага шчыта кіравання рэактарам. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік начальніка вучэбна-трэніровачнага цэнтра Беларускай АЭС Аляксандр Ерын. Па яго словах, трэнажор уяўляе сабой поўную капію пульта кіравання.
Падчас навучання супрацоўнікаў улічаць і цяжкія, і непрадугледжаныя ў праекце надзвычайныя сітуацыі, а таксама магчымыя памылкі персаналу. Інструктары будуць наўмысна “шкодзіць” на трэнажоры, а супрацоўнікі павінны будуць вырашаць гэтыя праблемы.
Спецыялістаў для Астравецкай АЭС рыхтуюць 4 беларускія ВНУ, у якіх адкрылі 6 спецыяльнасцяў. Болей за 360 студэнтаў такіх спецыяльнасцяў ужо атрымалі дыпломы. Прыкладна траціна з іх працуе на пляцоўцы будаўніцтва, яшчэ траціна размеркаваная ў арганізацыі, якія звязаныя з абслугоўваннем ядзернай энергетыкі. Частка працуе на аб’ектах традыцыйнай энергетыкі.
На сёння на беларускай АЭС працуе 437 чалавек, 67 з іх — маладыя спецыялісты, паведамляе TUT.by
Фота: Onliner.by