Супрацоўнікі "Прэс-клуба" затрыманыя на 72 гадзіны
Прэс-клуб праводзіць майстар-класы і лекцыі для журналістаў / press-club.by
Пра тое, што супрацоўнікі "Прэс-клуба", у якіх напярэдадні прайшлі ператрусы, затрыманыя на 72 гадзіны, парталу TUT.BY паведаміла інфармаваная крыніца.
Па яе словах, ператрусы і затрыманні звязаны з крымінальнай справай, распачатай па ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).
Напярэдадні вечарам прэс-служба Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржкантролю Беларусі паведаміла, што ДФР праводзіць праверку "па фактах парушэнняў падатковага заканадаўства" ў дачыненні да службовых асоб "Прэс-клуба". Праверка звязаная "з паступленнем буйных грашовых сум з-за мяжы".
Напярэдадні ў мінскім аэрапорце па вяртанні ў Беларусь была затрымана заснавальнік "Прэс-клуба" Юлія Слуцкая. Ператрус прайшоў дома ў праграмнага дырэктара праекта Алы Шарко, яна таксама затрыманая. Як мяркуецца, затрыманыя таксама яшчэ адзін кіраўнік Сяргей Альшэўскі і праграмны дырэктар Акадэміі прэс-клуба Сяргей Якупаў.
"Прэс-клуб Беларусь" займаецца даследчай дзейнасцю, арганізуе і праводзіць адукацыйныя лекцыі і семінары для журналістаў.
Ператрусы і затрыманьні ў "Прэс-клубе" супалі з заявай міністра замежных спраў Беларусі Ўладзіміра Макея аб беларускім адказе на трэці пакет санкцый ЕС. Ён сказаў, што прынятае рашэнне аб "абмежаванні дзейнасці некаторых палітычных фондаў у Беларусі" і пераглядзе "рэалізацыі так званых гуманітарных, адукацыйных, культурных праграм".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.