Атака на "Прэс-клуб": вобшукі ў супрацоўнікаў, ДФР падазрае сыход ад падаткаў
22 снежня беларускія сілавікі атакавалі Press Club Belarus. У офісе арганізацыі, а таксама ў кватэрах некаторых яе супрацоўнікаў прайшлі ператрусы.
Ля дома праграмнай дырэктаркі "Прэс-клуба" Алы Шарко, дзе таксама пабывалі сілавікі, затрымалі траіх журналістаў: намесніка галоўнага рэдактара "Нашай Нівы" Андрэя Скурко, рэпарцэрку Onliner.by Таццяну Ашуркевіч, а таксама Антона Мардзіловіча. Журналістаў павезлі ў Маскоўскі РУУС, каб "праверыць дакументы", але выпусцілі амаль адразу. Выглядае на тое, што іх затрымалі, каб звезці з месца, дзе праходзіў вобшук, і сілавікі маглі выйсці з кватэры без сведкаў.
Заснавальніца "Прэс-клуба" Юлія Слуцкая 22 снежня вярталася ў Беларусь — супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК затрымалі яе ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск", а адтуль павезлі дадому, дзе таксама адбыўся ператрус.
Бліжэй да вечара дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА са спасылкай на прэс-службу Камітэта дзяржкантроля паведаміла, што КДК правярае факты парушэння "Прэс-клубам" падатковага заканадаўства. "У тым ліку [гэта звязана] з паступленнем буйных грашовых сум з-за мяжы", — дадалі ў КДК.
Атака на Press Club Belarus супала з заявамі міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея пра адказ на "трэці пакет" санкцый Еўрасаюза. Макей абяцае абмежаваць у Беларусі дзейнасць шэрагу палітычных фондаў, а таксама перагледзець "шэраг так званых гуманітарных, адукацыйных, культурных праграм".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.