Сустрэчу Някляева з выбарцамі пасля тэлевыступу могуць сарваць
Сустрэча кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева ў памяшканні школы №20 у Мінску, прызначаная на вечар 3 снежня, знаходзіцца пад пагрозай зрыву.
Па словах даверанай асобы палітыка Алега Мяцеліцы, арганізатары загадзя падалі заяўку на правядзенне сустрэчы з выбарцамі на сённяшні вечар. Атрымалі дазвол і сёння раніцай завезлі ў актавую залу школы неабходную апаратуру. Але пасля абеду іх у памяшканне больш не пусцілі.
Мяцеліца: “Сёння зранку мы прывезлі ўзмацняльную апаратуру для таго, каб у актавай зале можна было правесці сустрэчу. Гэта – праектар, узмацняльная апаратура, мікрафоны, тэлевізар. У тры гадзіны мы прыехалі і хацелі працягваць яе адладжваць – наладзіць антэну, бо адначасова будзе прамая трансляцыя выступу Уладзіміра Някляева па тэлебачанні. Але нас не пусцілі ў школу”.
Па словах Мяцеліцы, калі яны сталі пад дзвярыма школы, да чорнага ўваходу падыйшлі невядомыя людзі. Яны, па звестках актывістаў кампаніі "Гавары праўду", свабодна прайшлі не толькі ў саму школу, але і ў актавую залу, дзе зачыніліся разам з мясцовым электрыкам.
Як паведаміў Еўрарадыё Алег Мяцеліца, ён выклікаў да школы міліцыю, каб з яе дапамогай трапіць у актавую залу і праверыць спраўнасць і наяўнасць прывезенай апаратуры.