Сваяк арцыбіскупа Кандрусевіча: Мы маліліся, даючы хабары камуністам
69-гадовы Юзэф Іодэль расказаў пра ўнікальную дыпламатыю жыхароў мястэчка Адэльск. Тутэйшыя людзі ў часе камунізма захавалі ўнікальны драўляны касцёл, дзе праводзілі службы. Фота.
Дыпламатычнасць і знаходлівасць сваякоў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ацаніў бы, напэўна, і Ўінстан Чэрчыль. У мястэчку Адэльск, што на Гродзеншчыне, землякі будучага каталіцкага іерарха ўмудраліся захоўваць драўляны касцёл першай паловы XVIII стагоддзя і ва ўсю праводзіць касцельныя богаслужэнні.
Якім чынам, мы запыталіся ў Юзэфа Іодэля, жонка якога прыходзіцца арцыбіскупу стрыечнай сястрой.
“О, гэта былі 1950-я гады. Мне ж ужо 69, — акунаецца ва ўспаміны спадар Юзэф. — Намагаліся людзі ўсімі сіламі яго (касцёл — Еўрарадыё) ўтрымаць. Хоць нават ксяндза не было. Быў такі дзядзька пажылы, і ён адчытваў старыя кніжкі”.
Юзэф Іодэль на фоне любага касцёла
Тут спадар Юзэф зрабіў паўзу, пахваліўся новай чырвонай дахоўкай на касцёле Ўшэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і раптам паведаміў, што той самы “пажылы дзядзька” — гэта бацька Тадэвуша Кандрусевіча.
Юзэф Іодэль: “Кандрусевіч Ігнацы. Гэта бацька Тадэвуша. А Кандрусевіч Ганна — яго маці. І бацька, і маці пахаваныя на нашых могілках. І яго родная сястра. Загінула яна трагічна. Рабілі лазню, і яна ўпала ў расплаўленую смалу. Тадэвуш Кандрусевіч — гэта маёй жонкі стрыечны брат”.
Касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Спадар Юзэф запэўнівае, што нават у антырэлігійныя часы камунізму, калі за веру саджалі ў турму, у Адэльску праходзілі амаль паўнавартасныя касцельныя службы.
“І настаўнікі, і дырэктары школаў не пускалі нас, стаялі ля варотаў гэтых і гэтых, — экспрэсіўна паказвае Юзэф Іодэль на касцельную браму. — Ставілі нам двойкі за паводзіны. Але ўсё мінула, і бачыце, як пайшло!”
Цікавімся ў спадара Юзэфа, якім жа гэта дыпламатычным метадам мясцовыя жыхары ўхітраліся праводзіць службы. Аказваецца, іх “крышавалі” камуністы, якім прыхаджане давалі хабары.
“Ну, напрыклад, прыхаджане скажуць: “Трэба сабраць таму і таму і завезці туды і туды, — распавядае пра дыпламатычныя хітрыкі жыхароў Адэльска Юзэф Іодэль. — Былі і такія камуністы, што яшчэ бралі і хабары, каб прыкрываць. Я яшчэ хлапчуком быў, гадоў 10-15”.
Прыемна, што галоўны каталіцкі святар Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч родам з Адэльску. Шкада, што сёння прыехаць паглядзець мясцовы драўляны касцёл XVIII стагоддзя могуць не ўсе ахвотныя — святыня знаходзіцца ў памежнай зоне.
Фота аўтара і bymedia.net