Святар РПЦ назваў жанчын у грамадзянскім шлюбе "бясплатнымі прастытуткамі"
Старшыня патрыяршай камісіі па справах сям'і РПЦ, протаіерэй Дзімітрый Смірноў назваў жанчын, якія жывуць у грамадзянскім шлюбе, "бясплатнымі прастытуткамі". На яго думку, перадае "Інтэрфакс", жанчыны не разумеюць, што такое шлюб:
"Неахвота казаць, што "я бясплатная прастытутка", таму кажуць: у мяне грамадзянскі шлюб. Здрасьце! Ды не, ты проста бясплатна аказваеш паслугі — і ўсё, а так цябе ніхто за жонку не лічыць", — сказаў Смірноў на сустрэчы з удзельнікамі праваслаўнай супольнасці OrthodoxBRO.
На думку протаіерэя, мужчыны, якія жывуць у грамадзянскіх шлюбах, да жанчын ставяцца як да "часовай уцехі", маўляў, калі б такія мужчыны паважалі жанчын, яны б на іх жаніліся.
У Сінадальным аддзеле па ўзаемаадносінах з грамадскасцю і СМІ паведамілі, што протаіерэй Смірноў не хацеў сваім выказваннем зняславіць жанчын, якія жывуць па-за афіцыйным шлюбам. Прэс-служба РПЦ сцвярджае, што святар такім чынам папракае мужчын, якія робяць жанчын ахвярамі сваёй безадказнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.