Святлана Ціханоўская звярнулася да маці Рамана Бандарэнкі

Святлана Ціханоўская / кадр з видэазвароту 
Святлана Ціханоўская / кадр з видэазвароту 

Святлана Ціханоўская адрэагавала на смерць жыхара "Плошчы пераменаў" Рамана Бандарэнкі. Звяртаючыся да маці маладога мужчыны, яна сказала, што не можа ўявіць сабе жах, які перажывае маці, якая страціла сына.

"Ваш сын стаў нявіннай ахвярай страшнай сістэмы. Але для кожнага з нас ён назаўжды будзе героем гэтай краіны", — сказала Ціханоўская.

Яна выказала ўпэўненасць, што забойства Рамана будзе расследавана, і што вінаватыя будуць пакараны. Яна звярнулася да байцоў з часткі № 3214 з просьбай заступіцца за калегу, "бо маўчанне - гэта здрада воінскага гонару".

На бліжэйшыя дні Ціханоўская абвясціла жалобу, прапанавала "перажыць гэты боль разам на ланцугах памяці заўтра (у пятніцу - Еўрарадыё) і маршу ў выходныя".

"Мы будзем рабіць усё, што аслабляе рэжым, вяртае закон і набліжае нас да свабодных выбараў. Дзеля Рамана Бандарэнкі, дзеля палітзняволеных, дзеля родных, дзеля сябе і дзеля кожнага, хто быў забіты за жаданне жыць у новай Беларусі", — сказала Святлана Ціханоўская.

Раман Бандарэнка памёр увечары 12 лістапада ў рэанімацыі бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. У шпіталі ён правёў суткі. Туды яго даставілі з РУУС у несвядомым стане. Яму зрабілі аперацыю, але ўвечары стан маладога мужчыны пагоршыўся, лекары канстатавалі смерць.

Рамана Бандарэнка затрымалі ў двары на "Плошчы Пераменаў". Ён выйшаў разам з суседзямі пагаварыць з людзьмі, што прыехалі зрэзаць бел-чырвона-белыя стужачкі. Адзін з прыезджых напаў на яго, збіў з ног, пасля чаго Бандарэнка панеслі ў мікрааўтобус. Мінская міліцыя пазней заявіла, што ў двор на "Плошчы пераменаў" прыязджалі "неабыякавыя грамадзяне".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі