Святлане Зелянкоўскай прапанавалі вярнуцца ў Купалаўскі тэатр на галоўныя ролі

Святлана Зелянкоўская

Святлана Зелянкоўская / "Наша Ніва"

Актрысе Святлане Зелянкоўскай некалькі разоў прапаноўвалі вярнуцца ў Беларусь і граць у Купалаўскім тэатры. Пра гэта яна расказала ў гутарцы з "Нашай Нівай".

"Што наконт мяне, нядаўна быў такі эпізод: мне патэлефанаваў адзін мой знаёмы з мінулага часу, які калісьці быў у міністэрстве. Прапаноўваў вярнуцца ў Купалаўскі. Абяцаў, што ў мяне будуць галоўныя ролі ў тэатры, шмат чаго для якаснага жыцця, узнагароды і гэтак далей. Сказаў, што мне нічога не пагражае, што ніякай небяспекі для дзяржаўнага апарату я не нясу. Але я ж разумею, што адбываецца, і трэба быць без глузду, каб не разумець гэтага", — гаворыць Зелянкоўская.

Яна кажа, што ёй тэлефанавала і яшчэ адна знаёмая, якая клікала ў Беларусь і пераконвала, што актрыса не будзе мець ніякіх праблем. "Мая пазіцыя заўсёды была выразнай, таму я нават здзівілася, што мне з такімі прапановамі тэлефануюць і пішуць", — каментуе Зелянкоўская.

Цяпер яна з трупай "Вольных Купалаўцаў" рэпетуе спектакль паводле рамана Евы Вежнавец (Святланы Курс) "Па што ідзеш, воўча?". Акрамя таго актрыса занятая ў падрыхтоўцы спектакля паводле аповесці Уладзіміра Арлова "Ордэн Белай Мышы".

"Раскрыю сакрэт: я буду граць у спектаклі ролю жанчыны-гаспадыні палаца. Якая, можа, не зусім гаспадыня, хутчэй — асабістая рэч манарха, якой ён карыстаецца. У нас там атрымаўся трохкутнік: пісьменнік-кароль-жанчына. І яшчэ ў мяне там другая роля — шэфа паліцыі", — дзеліцца яна падрабязнасцямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі