Сябар хлопца, падазраванага ў забойстве трэнера: Канфлікт пачаўся з-за рамонту
У панядзелак 2-га лістапада краіну скалынула шакуючая навіна пра знікненне лёгкаатлеткі Юліі Балыкінай — шматразовай чэмпіёнкі Беларусі ў спрынце, удзельніцы Алімпіяды-2012.
Канчаткова лёс спартсменкі яшчэ не высветлены, але Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па артыкуле “Забойства”. Нагодай для гэтага сталі сляды, якія выявілі падчас агляду кватэры Балыкінай і яе аўтамбіля “Kia Rio”. Спадзяванняў, што спартсменка жывая, амаль не засталося.
Апошнім часам 31-гадовая Юлія працавала дзіцячым трэнерам пры спартовым таварыстве “Дынама”. У 2013 годзе яна была дыскваліфікаваная на два гады за выкарыстанне забароненых прэпаратаў. Тады ж у дзяўчыны развіваліся адносіны з Дзмітрыем В., якога сёння падазраюць у яе забойстве. Пара жыла ў асабістай кватэры Юліі. Але адносіны распаліся некалькі месяцаў таму. Еўрарадыё выйшла на знаёмых падазраванага, якія паведамілі падрабязнасці.
Як следчы камітэт знайшоў сляды забойства ў машыне Балыкінай
“Даволі ветраны хлопец, сёння тут, заўтра там”
Дзмітрый В. на тры гады маладзейшы за Юлію Балыкіну. Ён нарадзіўся ва Украіне, потым сям’я пераехала ў Расію. З гэтай прычыны дагэтуль падазраваны мае расійскае грамадзянства. Бацькі трагічна загінулі, і Дзмітрый В. пераехаў да дзядзі і цёці ў Рагачоў, дзе вырас і вывучыўся на плітачніка-тынкоўшчыка ў каледжы.
“Даволі ветраны хлопец, сёння тут, заўтра там. Пэўны час жыў і працаваў у Маскве, дзе ў яго нават нарадзілася дзіця. Але сям’я распалася”, — распавядае адзін з аднагрупнікаў падазраванага па рагачоўскім каледжы.
Пасля Масквы Дзмітрый В. пераехаў у Мінск і пазнаёміўся з прыгажуняй-лёгкаатлеткай Юліяй Балыкінай. Бацькі дзяўчыны дапамаглі ёй збудаваць кватэру ў Мінску. А пахіснуліся адносіны пасля таго, як пара пачала… рабіць там рамонт.
“Здавалася, што ён адэкватны чалавек”
“Развіталіся яны недзе два месяцы таму. Да гэтага жылі нармальна, а потым пачаўся рамонт, сваркі. Вось, хутчэй за ўсё, не перажылі рамонт. Але, каб справа дайшла да забойства, — я не ведаю. Здавалася, што ён адэкватны чалавек”, — выказвае здагадкі яшчэ адзін добры знаёмы Дзмітрыя В. па рагачоўскім каледжы. Хлопцы падтрымлівалі адносіны і ў Мінску.
За дзень да трагедыі, як прыгадвае крыніца, Юлія павінна была забраць зімовую гуму з недабудаванага катэджа сваіх знаёмых. Але знікла і не адзванілася. Тэлефон спартсменкі быў выключаны.
“Праз пару дзён Дзіма павінен быў з’явіцца каля кватэры Юліі, каб адкрыць дзверы для міліцыі. І пасля гэтага яго затрымалі. Мы нават не ведаем, за што”, — заканчвае аповед крыніца.
17 верасня Дзмітрый В. выклаў у сацсетцы пост з фотаздымкам Юліі. У працяглым тэксце лірычны герой прызнаваўся ў каханні і выбачаўся, што раней на надаваў другой палове належнай увагі.
“Толькі цяпер, праз месяцы і гады, я пачаў яе адкрываць. Яна — тая крыніца, якой напаўняюся. Іншыя крыніцы — атрута”, — сярод іншага сказана ў гэтым допісе.
Выказваюцца здагадкі, што канфлікт мог здарыцца на глебе рэўнасці.
У той жа час сяброўкі Юліі Балыкінай па спорце абмяркоўваюць версію, што “ўсё здарылася з-за грошай”.
Следчы камітэт паведамляе, што праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні, накіраваныя на высвятленне ўсіх акалічнасцяў здарэння.
Юлія Балыкіна нарадзілася ў мангольскім горадзе Булган. Пераважна жыла ў Запарожжы. Спортам пачала займацца вельмі позна — у 18. У 23 гады спартсменка пераехала ў Беларусь, стала чэмпіёнкай нашай краіны і першым нумарам зборнай на дыстанцыях 100 і 200 метраў. У свой час трэнеры спадзяваліся, што яна зможа годна замяніць алімпійскую чэмпіёнку Юлію Несцярэнка. Але лёс склаўся трагічна.