Сяброўка Шышова — пра расследаванне гібелі Віталя ў Кіеве, канфлікты і барацьбу
Бажэна Жолудзь — сяброўка Віталя Шышова / Еўрарадыё
2 жніўня ў Кіеве знік дырэктар "Беларускага дома ва Украіне" Віталь Шышоў. На наступны дзень яго знайшлі павешаным у парку недалёка ад месца пражывання. Смерць беларуса выклікала бурную міжнародную рэакцыю. Але пакуль пытанняў больш, чым адказаў.
Еўрарадыё паразмаўляла з грамадзянскай жонкай Віталя Шышова Бажэнай Жолудзь пра яе жыццё і актывізм у Рэчыцы, міграцыю, канфлікты БДУ з іншымі арганізацыямі, а таксама пра ход расследавання смерці Віталя.
Рэчыца, рэгістратура дзіцячай паліклінікі і актывізм
Бажэна Жолудзь: За год да таго, як пачаліся ўсе падзеі ў Беларусі, я скончыла Гомельскі дарожна-будаўнічы каледж на архітэктара. Пачала шукаць працу і сутыкнулася з тым, што працы няма. А быць касірам або прыбіральшчыцай зусім не хацелася.
Мы нават з аднагрупніцай пайшлі па вуліцы Савецкай у Рэчыцы, заходзілі ў кожную краму — нават у рытуальныя паслугі — у пошуках працы. Хадзілі на біржу працы, дзе нам прапанавалі прайсці курсы касіра або пазногцікі рабіць.
Знаёмая сказала, што павінна вызваліцца месца ў рэгістратуры дзіцячай паліклінікі. Я пайшла працаваць туды: восем гадзін на нагах, карткі, запісы, зносіны з людзьмі. Праз цябе за суткі праходзіць 200 чалавек, а яшчэ вірус гэты.
Увесну 2020 года я ўбачыла стрым Сяргея Ціханоўскага, знайшла яго канал. Паглядзела ролікі і зразумела, што гэты чалавек не баіцца гаварыць, калі ўсе маўчаць. Падалася ў яго ініцыятыўную групу.
Потым мы даведаліся, што Святлана Ціханоўская падала дакументы замест мужа, і я перайшла ў яе каманду. Пачала збіраць подпісы. Пасля подпісаў пайшлі агітацыйныя мітынгі за Святлану.
Пачаўся адчувальны ціск. У час збору подпісаў спачатку за мной проста сачылі. А потым пачаліся адміністрацыйныя пратаколы проста з нечых слоў. Быў ператрус дома, але нічога не знайшлі.
Мяне сталі цягаць у міліцыю проста з усякай нагоды. Калі хтосьці намаляваў тры адсоткі на асфальце — я праходзіла як першая падазраваная. Рэчыца — горад маленькі.
5 жніўня мяне за дзень шэсць разоў выклікалі ў РАУС па адной адміністрацыйнай справе. Задавалі адны і тыя пытанні. Як толькі я выходзіла з РАУС, мне адразу скідвалі СМС — і я зноў вяртаюся туды праз гадзіну. Ад працы да РАУС ісці пяць хвілін. Толькі я даходжу да працы — мне прыходзіць СМС. Здзекаваліся як маглі.
Мяне паспрабавалі не адпусціць з працы — мабыць, каб не прыйшла своечасова па позве. Калі я папрасіла мяне звольніць, начальніца зрабіла выгляд, што не ведае, як гэта робіцца. Але паколькі яны даслалі позву на абедзенны час, я спакойна пайшла.
У РАУС мяне пасадзілі з участковым, які моўчкі гартаў справу з дзесяццю адказамі на адно і тое пытанне. Калі прыйшоў час мяне адпускаць, ён пачаў казаць: "Давай сябраваць. Скажы шчыра, што вы там рыхтуеце на 9 жніўня".
Адказваю: "Я нічога не рыхтую" — "Значыць, не хочаш са мной сябраваць. Ну ты ж разумееш, што цяпер можаш спускацца з ганка — і цябе затрымаюць: ударыла супрацоўніка або паслала. Для нас гэта не праблема".
Патэлефанавала сябру з просьбай забраць мяне. Па дарозе чытаю навіны і думаю: якая праца, якая заява на звальненне? Тут ужо пра бяспеку жыцця стаіць пытанне.
Сабрала рэчы ў маленькую спартыўную сумку, таму што думала, што еду на пару дзён. Ноччу мы перайшлі мяжу. Ва Украіне 6 жніўня нас сустрэлі хлопцы са "Страны для жизни".
Пасля 9 жніўня быў загад закрыць самых актыўных. Калі б я засталася, мяне б таксама пасадзілі.
Пратэставыя чаты і дзейнасць "Беларускага дома ва Украіне"
Пасля пераезду ва Украіну ўвосень 2020 года Віталь актыўна заняўся "Беларускім домам". Калі ад беларускай амбасады ўкраінскаму амбасадару прыйшла нота пратэсту за нашу "Варту святла" — ён сказаў: "Значыць, мы ўсё робім правільна".
У Беларусі прыходзілі да яго на працу, пыталіся пра яго дзейнасць, а потым ужо і тут пачалася актыўнасць спецслужбаў.
Еўрарадыё: Ён курыраваў пратэставыя чаты? Наколькі нам вядома, ён быў адным з кіраўнікоў чата "Водители 97".
Бажэна Жолудзь: Я ведаю, што ён дапамагаў неяк у распрацоўцы dze.chat яшчэ да таго, як ён стаў пад Матольку. Я б сказала, што ён не тое каб кіраўніком быў "Водители 97", ён быў уладальнікам многіх 97-х чатаў. На ім таксама былі рэгіянальныя чаты "Страны для жизни".
Еўрарадыё: Віталь і яго знаёмыя стваралі сетку ботаў. Праз якія вы цяпер можаце адсочваць, дзе гэтыя боты наслядзілі і адкуль ліецца бруд на БДУ.
Бажэна Жолудзь: Так, ёсць такая сетка, яна з'явілася зусім незадоўга да яго смерці. Праз яе можна вывучыць паводзіны розных акаўнтаў, кім быў створаны, на каго падпісаны і іншае.
Еўрарадыё: Як шмат людзей прайшло праз БДУ? Якія асноўныя запыты пра дапамогу?
Бажэна Жолудзь: У нас няма пэўнага кірунку. У нас ёсць юрысты, якія кансультуюць бясплатна. У нас ёсць свой рыэлтар, які дапамагае знайсці месца рэгістрацыі. Калі камусьці няма дзе жыць — дапамагалі знайсці жыллё.
Мы куплялі прадукты. Калі трэба сустрэць чалавека, дапамагалі. З адзеннем дапамагалі — асабліва да зімовага перыяду: я сама такое перажыла, таму што сабрала дзве майкі, а ўвосень думалі, хто з нас пойдзе ў краму.
Зразумелая рэч, што сутыкаліся і з такімі людзьмі, якія думаюць, што мы на фінансаванні. "Беларускі дом" не фінансуецца збоку.
Еўрарадыё: Рахунак БДУ выкарыстоўваўся нячаста. Адзін раз яго выкарыстоўвалі для дапамогі добраахвотніцкаму падраздзяленню ў Данецкай вобласці (Правы сектар, першая штурмавая рота). Што канкрэтна везлі і як? Чаму вырашылі дапамагаць вайскоўцам?
Бажэна Жолудзь: У прынцыпе, вайскоўцам вырашылі дапамагаць, таму што ў той час было пытанне, што расійскія войскі набліжаюцца. Калі ў Кіеве пачалі скідваць улады карты бамбасховішча, то мне трохі стала страшна: можа такое пачацца, а ехаць больш няма куды.
Нашы хлопцы звязаліся. Нам даслалі спіс, чаго ім бракуе. Мы пачалі зборы. Там была тэхніка, калючы дрот, пілы балгарскія, ежа, цыгарэты. Сабралі добрую суму грошай, больш за тысячу долараў.
Еўрарадыё: Другі раз выкарыстоўваўся рахунак, калі была акцыя па блакаванні дарог на мяжы.
Бажэна Жолудзь: Так, вярталі грошы людзям за палаткі, генератары. Выдавалі карты на прадукты. Ініцыятыва гэтай акцыі была не наша. Мы проста падтрымалі тым, што маглі сабраць на свой рахунак грошы.
Еўрарадыё: Якія пагрозы паступаюць беларусам, што з'ехалі за мяжу?
Бажэна Жолудзь: Першае — што могуць вывезці. Мы можам не даведацца, што нехта знік. Дапусцім, ты прыехаў, баішся выходзіць на акцыю, цябе загрузілі ў машыну — і мы нават пра гэта не даведаемся.
Апошнім часам нас папярэдзілі, што спецслужбы з Беларусі едуць у камандзіроўку, у тым ліку і Украіну. У той жа час, наколькі я ведаю, было падпісана пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй: нібыта Беларусь папрасіла ў Расіі дапамогі ў знішчэнні тых ініцыятыў, якія ёсць.
Але мы да апошняга не думалі, што можа быць так, як адбылося з Віталікам. Мы заўсёды рыхтаваліся, што нас вывезуць.
Плюс камера пад амбасадай — выдатна ўсё бачыць. Я ўпэўненая, што там нават запіс гуку дзесьці ёсць.
Еўрарадыё: У чаце БДУ пісалі, што могуць дапамагчы з міграцыёнкай. Аднак міграцыёнка адказала, што ніякіх кантактаў з БДУ не мае. Чаму?
Бажэна Жолудзь: Мы ж не ад сваёй асобы падаём, а юрысты падаюць. Яны ж не ведаюць, што канкрэтны юрыст ад БДУ. У нас не заключана з імі дамова, яны па сваёй ініцыятыве нам дапамагаюць.
Канфлікты з актывістамі і журналістамі
Еўрарадыё: Раскажыце пра канфлікты, якія былі ў БДУ. Наколькі мы ведаем, некаторыя пратэставыя чаты ў Беларусі не хацелі публікаваць нічога, што звязана з арганізацыяй.
Бажэна Жолудзь: Першапачаткова ў нас з многімі былі добрыя адносіны. Той жа dze.chat — калі ён не быў пад Матолькам, — усё было выдатна.
А пасля таго як ён стаў пад Матольку, з'явіліся канфлікты. І Матолька нават пасля яго смерці выкладвае гэтыя брудныя бяздоказныя артыкулы... Гэты артыкул Алены Літвінавай з Радыё Свабоды, перажаваны дзесяць разоў, — адна і тая інфармацыя ў розным парадку.
[Еўрарадыё звярнулася па каментар да Антона Матолькі. Ён адказаў, што ў яго не было канфліктаў з Віталём Шышовым. Таксама Антон дадаў, што не можа ўспомніць выпадкаў асабістых зносін, дапусціўшы, што Віталь мог не прадстаўляцца або выкарыстоўваць іншы нік.]
Канфлікт з Карач
Калі прыехала Карач, быў канфлікт, таму што яна крыху дзіўна выказвалася пра беларускіх добраахвотнікаў у АТА. Там сэнс быў у тым, што і з украінскага боку, і з расійскага добраахвотнікі ледзь не адзін братэрскі народ.
Канфлікт з анархістамі
Калі коратка, гэта быў не непасрэдны канфлікт. У нас да іх не было ніякіх прэтэнзій. Акрамя таго, што яны выдаюць артыкулы пра нас без падстаў. Калі мы пісалі ў ****** [інфармацыйны рэсурс анархісцкага руху. Прызнаны экстрэмісцкім]: "Скажыце, а ў вас ёсць доказы?" — каментары выдаляюцца, людзі блакуюцца.
Калі пачаўся ціск на Аляксея Балянкова (пайшла чутка, што яго дэпартуюць, суды пайшлі), яны хацелі, каб мы іх падтрымалі.
[У красавіку гэтага года СБУ паспрабавала прымусова выдварыць актывіста Аляксея Балянкова з Украіны, таму што ён нібыта "ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы і суверэнітэту Украіны, а таксама парушае заканадаўства аб прававым статусе замежнікаў і асоб без грамадзянства". Увечары 21 ліпеня Шосты апеляцыйны суд Кіева прызнаў рашэнне СБУ аб выдварэнні беларускага анархіста Аляксея Балянкова незаконным.]
Чаму мы павінны гэта рабіць, калі вы на нас льяце бруд? Мы, вядома, як беларусы, вас падтрымліваем. Яшчэ да судоў Віталік пагутарыў па сваіх сувязях і ведаў, што Балянкова не дэпартуюць.
Мы спрабавалі цывілізавана адказаць на іх артыкулы. І з Віталём стаялі ля будынка суда, калі ішло пасяджэнне.
Канфлікт з Радыё Свабода
Я ўжо казала, што я з Аленай Літвінавай сустрэнуся ў судзе. Калі яна хоча дэмакратыі, дэмакратычную краіну — яна атрымае. Яна адкажа як журналіст за свае дзеянні.
Вось яна выкладвае гэтыя артыкулы пра Боцмана не першы раз; піша на сваіх старонках у фэйсбуку, не маючы ніякіх доказаў.
Ты журналіст, у цябе ёсць журналісцкая этыка. Ты павінна выкладваць правераную інфармацыю. Яна чамусьці заўсёды гнала на БДУ, паказваючы на прысутнасць Боцмана. У нас нават быў жарт у рэдакцыі: "Сёння выбіраем, хто з нас Боцман".
[Еўрарадыё звярнулася па каментар да Радыё Свабода. Рэдакцыя РС не палічыла неабходным каментаваць выказванні Бажэны Жолудзь і адпраўляе да публікацый на гэтую тэму, размешчаных на сайце svaboda.org.]
Канфлікт з рухам салідарнасці "Разам"
Неяк Вячаслаў Сіўчык [кіраўнік руху] паклікаў нас на сустрэчу-знаёмства. Пайшлі я, Віталь і Радзівон Батулін. Мы выслухалі ўсе яго ідэі. Нават падпісаліся ад БДУ пад яго адкрытым лістом. Прапанавалі сваю дапамогу з арганізацыяй акцый. Але неяк не сыходзіліся ў тым, як яны павінны выглядаць.
З Сіўчыкам потым у нас пачаліся пастаянныя канфлікты. Мы ведалі, што ён кажа за спінай у нас: я прыеду, я разбяруся, я там ледзь не начальнікам стану. Хоць у нас няма галоўных, на сябе коўдру ніхто не спрабуе цягнуць.
Калі Віталя знайшлі мёртвым, яны ж зрабілі прэс-канферэнцыю. Пачалі расказваць, як у іх адабралі "Беларускі дом". Пачаў вылівацца гэты бруд, да гэтага далучыліся анархісты і Алена Літвінава.
Еўрарадыё: Былі праблемы з допускам адваката да справы. Яго дапусцілі ў выніку?
Бажэна Жолудзь: Не дапусцілі. Яна патэлефанавала следчаму. Сказала, што прадстаўляе інтарэсы сваякоў Віталя. Яна мае права разгледзець матэрыялы справы. Ёй прызначылі дзень і час, калі яна можа гэта зрабіць. Але калі яна прыйшла, ёй сказалі падаваць афіцыйны запыт.
Цяпер пачаліся святы ва Украіне, таму яна павінна чакаць, пакуль яны скончацца, каб падаць афіцыйны запыт. Без дазволу яна не можа паглядзець нават фатаграфіі з месца. Адчуванне, што словы Зяленскага, што яны бяруць гэтую справу пад кантроль, — такое ж абяцанне, як "Еўрасаюз выказвае заклапочанасць".
Еўрарадыё: Складваецца ўражанне, што ва Украіне цяпер пад зачысткі трапляюць абсалютна розныя палітычныя сілы. Трапляюць тыя, хто робіць палітыку вуліц. Ёсць тэорыя, што камусьці не патрэбна зваротная сувязь ад вуліц, а патрэбныя свае ручныя вулічныя пратэсты. Ці мог Віталік, як арганізатар беларускіх вулічных акцый, трапіць пад гэты каток?
Бажэна Жолудзь: Тэарэтычна так. Але ў мяне складваецца ўражанне, што структуры вышэй не хочуць раскрываць справу. Калі яны дакажуць, што ў гэтым замяшаныя спецслужбы Беларусі і Расіі — гэта абвінавачанне ў бок Беларусі.
Давядзецца ўводзіць санкцыі, а Зяленскі гэтага баіцца. Ён разумее, што можа быць рэзкі адказ ад Беларусі: аж да таго, што пусцяць войскі. Ну і па-другое, калі яны скажуць, што гэта было не самагубства, — значыць, Украіна небяспечная краіна і ў Еўрасаюз ёй уваход закрыты.
У гэтай сітуацыі самае жудаснае, што мы не можам нічога зрабіць, ніяк паўплываць. Нам проста не даюць такой магчымасці. Я маральна рыхтуюся, што выніковы адказ будзе: самагубства. Але я ўпэўненая, што гэта не самагубства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.