"Сябры камісій так запалоханыя, што не могуць адмовіцца ад фальсіфікацый"
Падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў, які выкрыў фальсіфікацыі на выбарах, распавёў, што не збіраецца з'язджаць з Беларусі і гатовы адказваць за свае словы ў суд
Аляксандр Лукашэнка і губернатар Брэсцкай вобласці Канстанцін Сумар "не адказваюць за свае словы". Так Анатоль Лябедзька
пракаментаваў адказ з Генпракуратуры на запыт Аб'яднанай грамадзянскай
партыі з нагоды прызнання прэзідэнта і губернатара вінаватымі ў
фальсіфікацыях падчас мінулых выбараў кіраўніка краіны.
Анатоль Лябедзька: “Мы
ў чарговы раз зрабілі зварот на імя Генпракурора Беларусі пасля
чарговых заяў Аляксандра Лукашэнкі з нагоды таго, што вынікі
прэзідэнцкіх выбараў былі фальсіфікаваныя, і заявы Сумара, што і ў
Брэсцкім рэгіёне былі фальсіфікацыі. З адказу вынікае, што альбо Сумар і
Лукашэнка недзеяздольныя і яны проста не адказваюць за свае словы, і
таму не могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, альбо — што
яны хлусы. Вось што вынікае з адказу”.
У
адказе на запыт Аб'яднанай грамадзянскай партыі адзначаецца, што
Генпракуратура не мае дакументальных пацвярджэнняў аб скажэнні вынікаў
выбараў, а таксама звестак пра нейкія іншыя парушэнні, дапушчаныя падчас
падліку галасоў.
Анатоль Лябедзька як былы кандыдат у дэпутаты
Палаты прадстаўнікоў па Старавіленскай акрузе №105 звярнуўся ў
Генпракуратуру з патрабаваннем правесці расследаванне наконт законнасці
абрання дэпутатам ад гэтай акругі Мікалая Самасейкі. Нагодай для такога звароту стаў артыкул у газеце “Народная воля”. У гэтым матэрыяле падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў расказаў пра фальсіфікацыі на адным з выбарчых участкаў Мінска, дзе ён нёс службу.
На
сустрэчы Лябедзькі з журналістамі прысутнічаў і герой гучнага артыкула.
Еўрарадыё пацікавілася ў яго, што прымусіла старшага ўпаўнаважанага па
асабліва важных справах заняцца выкрыццём фальсіфікацыі выбараў.
Мікалай Казлоў: “Шчыра
кажучы, я чакаў, што пракуратура будзе ўсё ж такі праводзіць нейкую
праверку пасля таго, як інфармацыя аб фальсіфікацыях з’явілася ў
інтэрнэце. Але ўсё прайшло незаўважна і ніякай афіцыйнай рэакцыі не
было. Размовы з кіраўніцтвам у нас пра гэта былі, але ніякай праверкі не
было. Зараз ізноў пачынаюцца выбары, і я бачу, што мала што змяняецца. І
магчыма, тыя ж людзі ізноў будуць працаваць у выбарчых камісіях. Так не
павінна быць”.
У
той жа час былы падпалкоўнік сцвярджае, што правесці праверку па фактах
фальсіфікацый з прафесійнага пункту гледжання зусім не складана.
Мікалай Казлоў: “Каб
у гэтай сітуацыі высветліць усё, да апошняга руху, неабходна зусім мала
часу. У гэтую справу так ці інакш уцягнута даволі шмат людзей. А гэта ж
не прафесійныя злачынцы — а звычайныя, нармальныя людзі. Я звольніўся з
пасады старшага ўпаўнаважанага па асабліва важных справах, і я
сцвярджаю: для таго, каб зняць гэтае пытанне і высветліць, як усё было
насамрэч, трэба вельмі мала часу. Гэта вельмі проста насамрэч. Галоўнае —
жаданне. А вось ці будзе яно ў пракуратуры альбо тых людзей, якія
будуць гэтым займацца, — пытанне іншае”.
Падчас размовы
Мікалай Казлоў асабліва адзначыў: паводле яго назіранняў, сябры выбарчых
камісій да такой ступені запалоханыя, што не могуць адмовіцца ад
фальсіфікацый.
Мікалай Казлоў: “Я не рыхтаваўся некага
лавіць за руку — я проста нёс службу. І калі мы размаўлялі са старшынёй
камісіі, я бачыў, што ёй страшна, але яна не магла рабіць інакш. У мяне
склалася такое ўражанне. Я не ведаю, як з імі размаўляюць, што ім
кажуць, але я яе ўпэўніваў гэтага не рабіць, не займацца фальсіфікацыяй.
Але атрымалася так, як атрымалася. Ёй не так страшна было мець са мной
справу, хоць я быў у форме і нёс службу, чым не падкінуць гэтыя
бюлетэні”.
Ці будзе рэакцыя Генпракуратуры на выступ
міліцыянера і старшыні АГП, ні Казлоў, ні Лябедзька прадказаць не
бяруцца. Але спадзяюцца, што агучванне падобнай інфармацыі прымусіць
сябраў камісій на гэтых прэзідэнцкіх выбарах задумацца і не займацца
фальсіфікацыямі.
Фота: Змітра Лукашука