Бензін у Беларусі працягне даражэць
Мадэрнізацыя беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў — ААТ "Нафтан" і Мазырскага НПЗ — у цэлым ідзе згодна з графікам. Пра гэта віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка заявіў 8 лютага на выніковай калегіі савета канцэрна "Белнафтахім", перадае БЕЛТА.
Па словах чыноўніка, без мадэрнізацыі НПЗ немагчыма гаварыць пра канкурэнтаздольнасць у гэтай сферы. Сямашка лічыць, што мадэрнізацыяй трэба займацца бесперапынна, толькі тады будзе вынік. Ён паведаміў, што ў студзені абодва НПЗ працавалі са стратамі: у "Нафтана" страты склалі 25 мільёнаў долараў, у Мазырскага НПЗ — 12-13 мільёнаў долараў.
Нават павышэнне коштаў на аўтамабільнае паліва з 8 лютага на 2 капейкі не мяняе кардынальна сітуацыю для прадпрыемстваў. "Мы не маем уласнай нафты ў такіх аб'ёмах, але ў нас цана на паліва істотна ніжэйшая, чым у Расіі", — падкрэсліў віцэ-прэм'ер.