Сям’я Аляксандра Рыбака: “З-за хлусні пра плагіят у нас апускаюцца рукі”

Менеджэры спевака сцвярджаюць, што ім дазволена выкарыстоўваць музыку Кірыла Малчанава, а прозвішча самога савецкага кампазітара пазначана на дыску Пост расійскамоўнай блогеркі ЖЖ Алены Ганчыкавай пра “плагіят Рыбака” нарабіў шуму. Блогерка, музыка па прафесіі, сцвярджала, што песня Abandoned з альбому Fairytales складаецца з двух шлягераў савецкіх кампазітараў — “Жураўліная песня” Кірыла Малчанава (прыпеў песні Рыбака) і “Где же вы друзья-однополчане” (запеў).

“Предприимчивый парниша ободрала сразу двух маститых мэтров, — піша Алена Ганчыкава. — И ведь народ искренне восхищается. Интересно у кого он стырит мотивчик в следующий раз? "В лесу родилась ёлочка"? или "Боже, царя храни"? А может "Полонез Огинского?”.

Няўжо пераможца “Еўрабачання” зрабіўся плагіятчыкам? Тэлефануем у Нарвегію да сям’і Рыбакоў. Аляксандра дома не было, слухаўку зняла яго мама, Наталля Валянцінаўна.  

Наталля Рыбак: “Не, справа ў тым, што на CD Сашынага альбома напісана, што песню Abandoned напісалі Рыбак/Малчанаў. Запеў песні абсалютна дакладна належыць аўтарству Аляксандра Рыбака. Другая мелодыя, прыпеў, з фільма “Доживем до понедельника”.

Еўрарадыё
: “Кірыл Малчанаў, “Жураўліная песня”.

Наталля Рыбак: “Правільна, і гэта пазначана на СD. Усё ўзгаднялася, тут і блізка няма ніякага падполля. Усё было зроблена цалкам па законе”.

Песні Abandoned няма на альбоме, які прадаецца на постсавецкай прасторы. Затое ў альбоме для заходняй Еўропы песня ёсць і лічыцца адной з самых хітовых.

Наталля Рыбак: “Саша ніколі гэта не хаваў. Яму вельмі падабалася “Жураўліная песня”. Ён хацеў, каб яе пачула як мага больш людзей. Таму што апроч рускіх яе ніхто ніколі не ведаў. А яму хацелася напісаць на гэту песню свой тэкст, зрабіць яе шырокавядомай”.

Наталля Валянцінаўна пажалілася, што на Аляксандра пасля ашаламляльнай перамогі на Еўрабачанні журналістамі і звычайнымі Інтэрнет-карыстальнікамі сапраўды выліваецца шмат бруду. Спачатку з’явіліся брудныя чуткі пра нетрадыцыйную сексуальную арыентацыю спевака, зараз — пра плагіят.  

Наталля Рыбак: “Пішуць столькі, што мы баімся ўсё гэта чытаць. Гэта можа быць з разраду такой фантастыкі, што ў нас папросту рукі апускаюцца”.

Катрына, менеджэр Аляксандра Рыбака, сцвярджае, што песня Abandoed запісвалася пасля ўзгаднення юрыдычных пытанняў з нашчадкамі кампазітара Кірыла Малчанава.

“Ён ведаў гэту песню з дзяцінства, а потым знайшоў яе ў Інтэрнеце, — тлумачыць менеджэр Катрына Еўрарадыё. —  У нас ёсць усе паперы, усе правы на выкарыстанне гэтай песні. Пытаннем займалася кампанія Universal Music у Маскве. Гэты лёйбл займаецца распаўсюджваннем альбома ў краінах былога СССР. Яны вырашалі ўсе юрыдычныя пытанні”.

Тую частку вокладкі, дзе пазначана прозвішча Кірыла Малчанава, у Інтэрнеце мы не адшукалі. Затое ў Вікіпедыі сумеснае аўтарства Рыбак-Малчанаў было пазначана з дня выхаду альбому Fayritales.

Каб кампетэнтна разабрацца, ці ёсць у песні Abandoed плагіят, мы звярнуліся да знанага беларускага музычнага крытыка і журналіста Аляксандра Памідорава. Па просьбе Еўрарадыё ён праслухаў усе песні і зрабіў сваю выснову:    

Аляксандр Памідораў: “У гэтым выпадку я плагіяту не бачу. Хаця б таму, што на дыску пазначаныя аўтары песні 1968 году “Дажывем да панядзелку”, — аналізуе Аляксандр Памідораў. —  Плагіят — гэта вельмі тонкая праблема. Зараз кожны трэці легальна карыстаецца музыкай U2, савецкіх кампазітараў”.

З кампазітарам Кірылам Малчанавым разабраліся, тут плагіяту няма. Пытаемся ў Аляксандра Памідорава наконт песні “Где же вы, друзья-однополчане” Салаўёва-Сядога.

Аляксандр Памідораў: “Тое, што спадарыня блогерка бачыць падабенства на песню “Где же вы теперь, друзья-однополчане”, дык гэта песня згадваецца з прычыны вакальнай лініі выканаўцы — спадара Рыбака. Калі ў выканаўцы ёсць карані з былога СССР, то на пэўным рынку робяцца версіі кшталту “вось вам, калі ласка, з расейскім духам песенька”.

Выходзіць, Алена Ганчыкава абвінаваціла Аляксандра Рыбака ў плагіяце на пустым месцы. Дарэчы, пакуль матэрыял Еўрарадыё рыхтаваўся да друку, сама блогерка слухаўку не здымала.

Разабрацца, што сааўтар песні Abandoed у тым ліку і Кірыл Малчанаў, звычайнаму слухачу таксама няпроста.  Пытанне, ці атрымалі сваякі Малчанава нейкую фінансавую дапамогу за сааўтарства, пакуль таксама застаецца адкрытым. Прадстаўнікі кампаніі Universal Music у дзень выхаду матэрыяла афіцыйны адказ яшчэ не падрыхтавалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі