Сям’я сербскіх бізнэсоўцаў Карычаў здае катэдж у Драздах за 6000 еўра на месяц
У доўгатэрміновую арэнду праз агенцтвы нерухомасці здаецца катэдж на Сёмкаўскім завулку, піша nn.by. Катэдж размяшчаецца ў Драздах-2 — гэта элітны квартал на ўскрайку Мінска, дзе жывуць чыноўнікі і бізнэсоўцы.
За арэнду дома плошчай 627 квадратных метраў гаспадары просяць 6000 еўра на месяц.
Дом належыць сям’і сербскіх бізнэсменаў Карычаў. У Беларусі яны будуюць некалькі вядомых жыллёвых і офісных комплексаў — напрыклад, "Маяк Мінска" (квартал за Нацыянальнай бібліятэкай) і "Мінск-Свет" (на месцы знесенага аэрапорта Мінск-1).
Карычы, у адрозненні ад суседзяў, атрымалі ўчастак не бясплатна рашэннем Мінгарвыканкама, а набылі за 8 тысяч долараў.
Згодна з абвесткай, дом мае чатыры спальні на другім паверсе, гасцёўню і два кабінеты на першым паверсе. Кожная спальня мае асобны санвузел і гардэробную. Акрамя таго, на другім паверсе катэджа ёсць дзве крытыя тэрасы і гаўбец. У падвале размяшчаецца саўна, пакой адпачынку, трэнажорная зала.