Сяргей Бабкін і Classika "Star'Yo"
Альбом-складанка пераасэнсаваных песень розных часоў
Перш за ўсё ў вочы кідаецца назва. Што яшчэ за "Старьё"? Аказалася, што гэта песні з папярэдніх альбомаў музыкі, якія ён выконвае разам з гуртом Classika на сваіх канцэртах. Некаторыя кампазіцыі атрымалі зусім новыя аранжыроўкі і перайграныя практычна да непазнавальнасці. Таму новым альбом "Star'Yo", уласна, і не назавеш - гэта, хутчэй, выглядае як паспяховы маркетынгавы ход, чым творчая неабходнасць. За гэта на Сяргея і пакрыўдзіліся некаторыя яго прыхільнікі.
Адгэтуль і канцэпцыя - гурт развітваецца са старым і, як кажуць самі музыкі, заезджаным
матэрыялам. Завяршае гештальты і адкрывае "чакры" для новай творчасці.
Калі прасачыць "сольны" шлях Сяргея Бабкіна, музыка змяняўся ад альбома да альбома. Пачаўшы толькі з акустычнай гітарай і кларнэтам, цяпер Сяргей Бабкін і яго Classika ператварыліся ў міні-аркестр, а новыя музыкі дадалі разнапланавасці ў гучанні. Змяніўся і настрой лірыкі - пасля беспрасветнага суму папярэдніх альбомаў, Сяргей змяніў вобраз П'еро на вясёлага Арлекіна.
Сяргей Бабкін і раней "практыкаваўся" на запісе альбома ў часавых межах аднаго дня. "Старьё" напаткала тая ж доля - увесь музычны матэрыял быў падрыхтаваны фактычна за шэсць гадзін, запісаны і зняты на відэа за адзін дзень у Харкаве ва ўкраінскай студыі SRS.
Агульная атмасфера альбома-складанкі "Star'Yo" напоўненая святлом, паветрам, прасторай. Музыкі не паскупіліся - у сярэднім працягласць кожнага трэка складае 6 хвілін, ёсць, дзе разгуляцца сольным партыям кожнага з музыкаў. Праўда, дзякуючы імкліваму развіццю сюжэта, надакучыць яны не паспяваюць - Сяргей Бабкін-акцёр прыўнёс драматургіі і ў музыку. Ды і эфектнага акцёрства на пласцінцы таксама хапае.
Адкрываецца "Star'Yo" энергічнай песняй "Пульс". Кампазіцыя зманліва пачынаецца мелодыяй вядомага класічнага твора "Авэ Марыя". Ёй жа і заканчваецца. Гэтакае зацішша перад бурай напачатку тэмы, і цвёрдае, аб'ёмнае гітарнае гучанне ў сярэдзіне, якое потым зноў завяршаецца поўным штылем.
Дыск цудоўным чынам проста кішыць хітамі, не слабеючы ні да сярэдзіны, ні да канца - яно і зразумела, менавіта на гэту праграму музыкі робяць стаўку, абкатваючы яе на канцэртах. Новыя версіі вядомых песень гучаць недзе лепш, недзе горш звыклых арыгіналаў. Напрыклад, зусім нечаканую апрацоўку атрымала кампазіцыя "Тук-Тук" - музыкі прыдумалі яе прама падчас запісу. Цудоўнае шурпатае сола кларнета і душэўныя, вельмі інтымныя вершы - вы знойдзеце адлюстраванне сябе ў гэтых нязмушана праспяваных радках.
Як ні спрабуе Бабкін пакінуць убаку звыклыя рэфлексіўныя настроі, калі гэта ў яго і атрымліваецца музычна, то лірыка музыкі ўсё гэтак жа поўніцца экзістэнцыяльнымі роздумамі - гэта тэма знаходзіць адлюстраванне ў кампазіцыях "Гора", "Мир", "Герой", ды і ў тым жа "Пульсе"! Так і з кампазіцыяй "Сын", якая ў 2005 годзе дала назву альбому. Музыкі выдатна папрацавалі над аранжыроўкамі - так і перапаўняешся гэтым настроем з'яўлення новага чалавека на свет. Спачатку трывожнае і хвалюючае ў партыі клавішных, потым лёгкае, паветранае, імклівае, шчаслівае, што найлепшым чынам тут перадае сола флейты.
"Мотор" - замілавальны свінг-шлягер у духу 30-х, з гуллівымі і, то супярэчлівымі, то дапаўняючымі адно аднаго сола клавішных і кларнета. Перад вамі як быццам узнаўляюцца слайды з нямога чорна-белага кіно, для поўнасці малюнка.
На "Птице" робіцца больш сумна, гэтаму спрыяе і даволі плоскі акампанемент са змрочным гітарным пачаткам.
Альбом завяршаецца чарговай імправізацыйнай кампазіцыяй пад назвай "Молоко" (Бей, колокол). Гэта, мабыць, адзіная кампазіцыя, якая ў акустычнай арыгінальнай версіі гучыць куды выйгрышней, чым у электроннай аранжыроўцы "Старья". Гэтулькі ў ёй наварочана музычных ідэй мінулага і будучага. На выхадзе маем трывожную і змрачнаватую атмасферу для знаўцаў рамантыкі псіхадэлічнага рок-эпасу. Пытанне, ці ёсць такія сярод фанатаў Бабкіна? На жаль, паслухаць акустыку ў запісе няма магчымасці - гэта адзіная "непрыкаяная" кампазіцыя дадзенай складанкі, якая раней не ўвайшла ні ў адзін альбом.
Дарэчы, зразумець, што ж такое "Star'Yo" Сяргея Бабкіна ды пачуць хлопцаў на ўласныя вушы можна будзе ўжо зусім хутка - 13 траўня Сяргей Бабкін разам са сваімі гуртамі Classica і KPSS правядзе "рэканструкцыю поўным складам" у клубе Re:Public, а 12-га траўня - ў ГКЦ Гомелю.