Сяргей Чалы: Нацбанку пашанцавала з выбарам часу

Еўрарадыё: Як вы пракаментуеце вынікі дадатковай валютнай сесіі і вызначаны новы курс валют?
110914 Chaly_site.mp3
Чалы: Я думаю, што гэта вельмі добры вынік, бо, відавочна, што гэта ніжэй, чым думала бальшыня экспертаў. Яны казалі аб тым, што існуе вялікая небяспека, што, наадварот, курсы ўзляцяць. Тут проста пашанцавала Нацбанку, што ўсё гэта здарылася ў той момант, калі на “чорным рынку” курс сам пачынаў зніжацца, таму тут у нейкай ступені пашанцавала з выбарам часу. Па вялікім рахунку, можна чакаць, што тыя курсы, якія ўстаноўлены ў выніку ў камерцыйных банках для наяўнай валюты вельмі блізкія і вельмі канкурэнтныя ў адносінах да тых курсаў, якія былі на вядомым сайце. Шанцы на тое, што валюта можа з’явіцца, яны даволі высокія.

Еўрарадыё: Што будзе далей? Долар будзе расці ці падаць?

Чалы: Гэта зараз самае цікавае пытанне, бо, канешне, гэта проста такая прыкідачныя лічба. Несумненна, там была вельмі абмежаваная колькасць заявак. Відавочна, існуе вялікая засцярога гульцоў адносна таго, які ж курс можа скласціся і першы час яны, відавочна, чакаюць. Я думаю, што той курс, які атрымаўся, з улікам нават гэтай сесіі, якая існуе, аб абавязковай продажы 30% валюты, відавочна, што ён вельмі прымальны для бізнесу. Калі б курс быў раўнаважным зараз, то атрымалася б недзе каля 7 800, і гэта адпавядала б таму, што на “чорным рынку” наяўнай валюты складалася. Што кажа аб тым, што рынак, няхай нават у абмежаваным рэжыме, але ён працуе.

Еўрарадыё: Што чакае “чорны рынак” і вядомы сайт абмену валют?

Чалы: Калі першы час будзе існаваць засцярога адносна таго, наколькі гэты механізм другой сесіі будзе працаваць паспяхова і адносна выстаўленых каля яго каціровак на наяўную валюту, то падобныя сайты будуць існаваць. Але думаю, што іх значнасць па меры таго, як людзі ўпэўняцца, што ўсё нармальна працуе, яна будзе паступова зніжацца. Наўрад ці яны знікнуць канчаткова, як нейкая гарантыя ад таго, што, а раптам улады, як гэта шмат разоў было, раптоўна адменяць сваё рашэнне і вернуцца да механізма адміністратыўнага размеркавання? Па меры таго, як такія засцярогі будуць змяншацца, то іх значнасць таксама будзе змяншацца і аб’ёмы таксама будуць меншыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі