Сяргей Міхалок прапануе міністру Святлову правесці канцэрт Brutto у Мінск-Арэне
28 студзеня мастацкі кіраўнік Brutto Сяргей Міхалок выклаў відэазварот, накіраваны міністру культуры Беларусі Барысу Святлову. Музыка прапануе міністру даказаць, што ў нашай краіне нібыта няма забароненых гуртоў, даць магчымасць камандзе правесці канцэрт у “Мінск-Арэне” у любы, нават самы нязручны час, і не перашкаджаць сустрэчы з прыхільнікамі.
“Прывітанне, я Міхалок з беларуска-украінскага калектыва Brutto. Цягам многіх гадоў чыноўнікі і дзеячы, якія курыруюць развіццё культуры на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, неаднойчы заяўлялі: “У нас не існуе негалосных забаронаў, у нас няма так званых “чорных спісаў”. Прапаную правесці сацыяльны эксперымент: дайце нам магчымасць зрабіць канцэрт у спартова-забаўляльным комплексе “Арэна”, дайце нам самы нязручны час, любую сераду 10 раніцы, любы чацвер 15 гадзін дня, любы панядзелак – апоўнач. Не перашкаджайце нам і дайце магчымасць нармальных стасункаў са сваімі фанатамі, якія стаміліся ганяць за намі па ўсёй Еўропе ў той час, калі ў цэнтры Мінска ёсць цудоўная, пабудаваная на народныя сродкі, канцэртная зала. Каб нас не абвінавацілі ў сквапнасці і карысталюбстве, абяцаю: усе атрыманыя грошы пойдуць на развіццё мінскіх Дома міласэрднасці і Дома інвалідаў. Чаму ім? Таму што яны ў свой час цудоўна клапаціліся пра майго бацьку, які, да слова, так і не патрапіў на мае канцэрты ў родным горадзе. Чакаю чоткага і яснага адказу”.