Сына Халіп і Саннікава намагаліся забраць органы апекі
У органах апекі сын журналісткі Ірыны Халіп і кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава ужо лічыцца як "бездаглядны".
Як паведаміў у эфіры Еўрарадыё бацька Ірыны Уладзімір Халіп, органы апекі намагаліся сёння забраць трохгадовага Данілу з дзіцячага садка.
Ён з жонкай у гэты час знаходзіўся ля ізалятара КДБ, дзе яны спрабавалі аддаць перадачу арыштаваным бацькам дзіцяці.
Пасля тэлефанавання з садка наконт таго, што Данілу намагаюцца забраць прадстаўнікі апекі як "бездагляднага", жонка неадкладна накіравалася афармляць апякунства на ўнука.
Цяпер хлопчык знаходзіцца ў дзядулі і бабулі.