Сёлета беларускіх журналістаў аштрафавалі на 75 мільёнаў рублёў

1 чэрвеня суд Дзяржынскага раёна пастанавіў аштрафаваць журналістаў Вольгу Чайчыц і Сяргея Краўчука на 5 млн 400 тысяч рублёў кожнага. Сёлета гэта ўжо 17-ы выпадак прыцягнення журналістаў да адказнасці па адміністрацыйным артыкуле "незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Падставай для складання пратаколаў стаў сюжэт з Фаніпалю пра нядопуск здымачнай групы на грамадскае абмеркаванне генеральнага плану забудовы горада. Фаніпальская міліцыя раздрукавала тэкст і выявы сюжэта з сайта “Белсат” і звінаваціла журналістаў у працы без акрэдытацыі на замежны СМІ.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец адзначыў у каментары Еўрарадыё, што да мінулага года журналісты па згаданым артыкуле атрымлівалі папярэджанні.

Бастунец: “Магу адразу сказаць, што гэты артыкул пачаў ужывацца ў адносінах да журналістаў менавіта з мінулага года — ўпершыню гэта адбылося ў красавіку 2014-га. Раней ніколі не штрафавалі журналістаў, яны атрымлівалі папярэджанні за працу без акрэдытацыі. За 2014 год было 10 штрафаў па гэтым артыкуле. А ў гэтым годзе мы бачым, што ўжо за 5 месяцаў значна больш журналістаў было прыцягнута да адказнасці”.

Па падліках Беларускай асацыяцыі журналістаў, у 2015 годзе беларускіх журналістаў ужо 17 разоў прызнавалі вінаватымі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП, а агульная сума штрафаў па гэтым артыкуле цяпер перавышае 75 мільёнаў рублёў. У мінулым годзе БАЖ зарэгістравала 10 такіх выпадкаў на 52 мільёны рублёў штрафаў.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі