Сёлета конкурс сярод платнікаў вышэй, чым у бюджэтнікаў

У мінскім медыцынскім універсітэце конкурс сярод платнікаў такі, які і не сніўся бюджэтнікам з мехмата БДУ На прэстыжных спецыяльнасцях прахадныя балы шалёна падскочылі, прычым не толькі на бюджэтнае навучанне, але і на платнае.

Усе галоўныя ВНУ адзначаюць, што на некаторыя факультэты сёлета будзе не проста патрапіць нават тым абітурыентам, якія гатовыя плаціць за навучанне.

У параўнанні з мінулым годам прахадны бал на платнае у мінскім “медзе” (лячэбны факультэт) вырас на 62 балы.  Таму толькі адзін з кожных трох платнікаў пройдзе туды па конкурсе.  

Прыёмная камісія медуніверсітэта: “Папярэдні прахадны бал на лячэбны факультэт сёлета на платнае ў нас — 273. А быў у мінулым годзе 211! На стаматалогію сёлета 257, але гэта папярэднія дадзеныя, яны могуць змяніцца. Мінулым годам на стаматалагічны факультэт быў 213 прахадны бал на платнае”.

Атрымліваецца, што каб стаць студэнтам-платнікам лячэбнага факультэта БДМУ, трэба набраць на 20 балаў менш за будучага студэнта-бюджэтніка. А калі ў вашых сертыфікатах яшчэ менш, то вы ўжо не прайшлі конкурс.

Дарэчы, на вельмі папулярны стаматалагічны факультэт конкурс сярод платнікаў крыху меншы – 2 чалавекі на месца. Але ў параўнанні з мінулым годам і тут ён вырас.

Прыёмная камісія медуніверсітэта: “На лячэбным факультэце практычна конкурс тры чалавекі на месца сярод платнікаў. На стаматалагічны прыкладна 2 чалавекі на месца”.

Такая ж сітуацыя ў многіх іншых ВНУ сталіцы. У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце Еўрарадыё распавялі, што каб стаць студэнтам-платнікам некаторых іх факультэтаў, сёлета трэба было здаць тэсты значна лепш, чым у мінулым годзе. Розніца часам дасягае 50 балаў!

Прыёмная камісія БНТУ: “Амаль на ўсіх факультэтах на 20, 30, а недзе і на 50 балаў прахадны бал на платную форму навучання вышэйшы за мінулагодні. Я не ведаю, чаму, можа, абітурыенты добра падрыхтаваліся. І ў нас сёлета іх вельмі шмат — 16 тысяч чалавек. Па факультэтах цяжка казаць, дый у кожнага свая спецыфіка. Больш дакладна казаць па спецыяльнасцях. Попытам карыстаюцца эканамічныя і будаўнічыя спецыяльнасці, а таксама энергетычныя”.

Што тычыцца Беларускага дзяржаўнага універсітэта, то і там сёлета платнікі мусяць трымаць марку. І хоць дакладныя прахадныя балы будуць вядомыя крыху пазней, супрацоўніца прыёмнай камісіі назвала нам самыя “топавыя” спецыяльнасці.

Прыёмная камісія БДУ: “Міжнародныя адносіны, а таксама на гуманітарным факультэце ёсць некаторыя спецыяльнасці, на якіх вырас прахадны бал. Але прахадны бал мяняецца, бо шмат хто адмаўляецца, забірае дакументы”.

Дакладная інфармацыя будзе вядомая на днях. Але і па папярэдняй відаць, што на прэстыжныя спецыяльнасці трапіць усё цяжэй.

фота — www.cn.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі